Балотны агонь (на белорусском языке) :: Колас Якуб
Страница:
1 из 2
---------------------------------------------
Колас Якуб
Балотны агонь (на белорусском языке)
Якуб Колас
Балотны агонь
Гэтая бярозка толькi нядаўна асталявалася тут. Кароткае жыццё выдарылася ёй, i незайздросная доля гадавала яе. Закрытая, зацiснутая з усiх бакоў старымi дзеравякамi, не бачыла яна сонца, рэдка калi патыхаў на яе свежы ветрык. А як яна не бачыла iншага свету i жыцця, дык i не наракала нiколi на сваё сiрочае iснаванне. Яна няясна пачувала волю, прастор, сонца i, стоячы тут, сярод гэтых дрэў, як чужанiца, нi з кiм не гаварыла пра свае думкi i лятункi.
Адна толькi ўцеха падтрымлiвала яе. Уночы, калi зацiхалi вакол птушкi i пераставалi гусцi i звiнець мошкi i толькi адны зоркi свяцiлiся ў небе ды часамi месяц сумным вокам азiраў зямлю, - гарэў дзесьцi агонь, бледны, неразгаданы i прыемны. I блiшчаў той агонь з-пад нiзу, з нейкiх невядомых абшараў зямлi.
Балота, на якiм прыгожа раскiнуўся астравок, дзе расла разам з другiмi дрэвамi i гэтая маладая бярэзiнка, здавалася, не мела канца-краю. Найстарэйшы мiж усiх тут дуб, стоячы на самым высокiм месцы вострава, не бачыў канца балота. Спрадвеку гадавалiся на астраўку розныя дрэвы. Па краях цягнулiся маладыя i старыя алешыны, пусцiўшы глыбока карэннi. Далей цягнуўся цёмна-зялёны пояс елак. Яшчэ крыху вышэй бялелi стройныя камлi прыгожых бярэзiн, сярод якiх пракiдалiся лiпа, граб, ясень, вяз. На самай сярэдзiне астраўка стаялi магутныя дубы.
Наша маладая бярэзiнка расла па суседству з вязам.
|< 1 2 След. >|