Бяздонне (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
3 из 11
- Ды як жа яно будзе? Яно, пэўна, добра б, каб ты як-небудзь гэты iнварсытэт прайшоў, але як жа гэта? Дзе гэта ў нас вiдаць? Як жа я цябе пратрымаю, там, за светам; нiчога не будзе, калi нам i тут голадна...
- Я сам пратрымаюся, няхай будзе, што будзе, - адказваў панура Алёша, i быў у яго нейкi жаль на душы.
- Прападзеш, - упэўнена сказаў бацька i змоўк з выразам глыбокiх думак у галаве.
- Не прападу, - адказаў Алёша, а ў самога думкi напоўнiлi голаў.
Бацька пайшоў зноў у гумно, а Алёша сядзеў i маўчаў. А пасля, неўзабаве, бацька зноў вярнуўся ў хату, патупаў каля парога i панура сказаў:
- Дык хаця ж, калi прыпрэ бяда, дык кiдай усё ды назад дадому варочайся...
I, сказаўшы, зноў пайшоў з хаты, а Алёша сядзеў i маўчаў...
I прайшло яно ўсё неяк, як у тумане. Змалацiлi яны з бацькам трохi жыта, прадалi за чатыры рублi. Пасля ўвязаў Алёша хлеба ў мяшок i некалькi кнiжак i пакiнуў нiзкiя хаты з запыленымi пры малацьбе людзьмi.
Таксама, як у тумане, прайшлi тры тыднi ў незнаёмым горадзе.
Былi днi ясныя, восень звiнела празрыстасцю лёгкай паветра, i горад аглушыў Алёшу шырынёю свайго шуму. I загэтым не так востраю была радасць, калi прачытаў ён, што яго залiчылi студэнтам.
I тут жа пачалi ўжо агортаць яго думкi - як бы пражыць?
Ён напiсаў бацьку, што нiчога яму не трэба, ён сам сабе зарабляе, i ў той жа дзень не абедаў i спаць лёг галодным.
А калi далi яму на кожны дзень абед у студэнцкай сталовай, пачала ўжо з'яўляцца ў яго маладая, вясёлая бесклапотнасць:
"Калi прыйдзецца саўсiм кепска - усё ж такi можна жыць, маючы абед раз у дзень".
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|