Бяздонне (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 5 из 11



I тады ж выплывала ў Алёшы i другое:

"Вось там, адкуль ён сюды прыехаў, дзе старыя хаты ў гэтую вось хвiлiну гараць водблiскам чырвонага сонца на захадзе, людзi канчаюць сваю дзённую працу. Яна натамiла iх за дзень. У ёй многа радасцi, ды толькi ўсё вакол яе складалася так, што для людзей атручвалася жыццё".

А тут нечакана ахвацяць Алёшу зыкi музыкi. Выйдзе з бакавой вулiцы на цэнтральную рота чырвонаармейцаў з блiшчастаю меддзю трубаў у першых радах.

I як бы злавiлi людзi трубамi вясёласць, нявыяўленую сярод людзей на зямлi, i, злавiўшы, кiнулi ў прастору, паказалi яе ўсiм.

I здаецца тады Алёшу, што гэта - выяўленне, адзнакi таго вялiкага, к чаму iдуць людзi на зямлi.

I па дарозе ва ўнiверсiтэт, пасля ўсяго перажытага, прайшоўшы праз пачуццi i думкi, робiцца ў Алёшы нейкi мяцежны настрой: ахватвае прагнае жаданне хутчэй навучыцца таму, з чым пойдзе к тым, пакiнутым там недзе за палявымi прасторамi ў старых хатах; хочацца Алёшу стаць перад iмi, каравымi, запыленымi, i сказаць iм аб тым, што зразумеў сам, - аб самым важным, што трэба для паўнаты жыцця на зямлi: што жыццё шырокае, яно само ў сабе - нават як факт ужо iснавання - радаснае.

"Больш i глыбей увайсцi ва ўнiверсiтэт", - думае Алёша i бяжыць i бяжыць па шумнай вулiцы.

I тая ж самая радасць ужо калоцiцца ў iм самiм. Яна вялiкая, як iмкненне маладосцi.

I так кожны вечар па дарозе ва ўнiверсiтэт.

|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]