Казки (на белорусском языке)   ::   Киплинг Редьярд

Страница: 25 из 92



- Калi ты скажаш яшчэ хоць адно слова пра тое, што казала мая мама!.. ускрыкнуў Ягуар, але не паспеў дагаварыць, бо Чарапаха як нi ў чым не бывала нырнула ў мутную ваду ракi Амазонкi.

Доўга яна плыла пад вадою i выплыла на бераг, дзе яе чакаў Злючка-Калючка Вожык.

- Мы ледзь не загiнулi! - сказаў Вожык. - Не падабаецца мне гэты Ягуар. Што ты сказала яму пра сябе?

- Я сказала яму праўду. Я шчыра сказала яму, што я Чарапаха, але ён не паверыў, прымусiў мяне скочыць у ваду i вельмi здзiвiўся, калi ўбачыў, што я i сапраўды Чарапаха. Цяпер ён пайшоў скардзiцца сваёй мацi. Ты чуеш?

Было чуваць, як сярод хмызняку i дрэў, над мутнай ракой Амазонкай, раве Ягуар i клiча да сябе мацi Ягуарыху. I яна прыйшла.

- Ах, сыночак, сыночак! - загаварыла яна, зграбна памахваючы грацыёзным хвастом. - Ты, здаецца, рабiў такое, чаго табе не трэба было рабiць.

- Я сустрэў над ракою аднаго звярка i хацеў выдрапаць яго з-пад панцыра; ён сам сказаў, - што ён хоча гэтага, вось цяпер у мяне ўся лапа ў стрэ-э-э-эмках!

- Ах, сыночак, сыночак! - сказала мацi, зграбна памахваючы грацыёзным хвастом. - Па гэтых стрэмках, якiя ўпiлiся ў тваю лапу, бачу я, што гэта быў Вожык. Табе трэба было кiнуць яго ў ваду.

- У ваду я кiнуў другога звярка. Ён сказаў, што яго завуць Чарапаха, але я не паверыў яму. А выявiлася, што гэта i сапраўды была Чарапаха. Яна нырнула ў ваду, у мутную раку Амазонку, i болей я не бачыў яе. I вось я астаўся галодны, i думаю, што нам трэба перасялiцца адсюль у iншыя месцы.

|< Пред. 23 24 25 26 27 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]