Лист Якуба Малькевича (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
9 из 14
- Я не панна i не васпанна!
- Ого!
- Я вас прашу, iдзiце вы i не чапайце вы гэтых малых! Што яны вiнаваты перад вамi цi перад кiм!
- Ого!
- Што табе не падабаецца?
Анэта закрыла рукамi твар i пайшла. Перад ёю расступiлiся ў дзвярах, далi ёй дарогу. Малыя кiнулiся за ёю:
- Куды ты, цёця!
- Не iдзi!
- А мой сынок, - абазваўся Хведар, - куды ты, чаго ты, хадзi да мяне. Iдзi от да цёцi Зосi, да яе... Гэта ж мама.
- Да мамы iдзi, васпане...
- Цёця Анэ-э-эта, - заплакалi малыя ўдваiх i кiнулiся бегчы.
Анэта ўжо стаяла ў кухонных дзвярах.
- Яны баяцца чужых людзей, - сказала Матыльда. - Анэта, куды ты?
Дзецi сталi каля Анэты.
Хведар iрвануўся.
- Анэта, што гэта?
- А гэта што? - крыкнула Анэта. - Ты думаеш, дзецi нiчога не ведаюць? Ты думаеш, яны не ведаюць больш за цябе? Ты думаеш, яны не бачаць, што ты за бацька? Што каля iх робiцца?! А ты памятаеш, як гэты большы крычаў i людзей ззываў, калi ты бiў яго мацi? Можа, ты яго навек скалечыў гэтым самым. Можа, ён iншым цябе i не можа бачыць, як з узнятым паленам над яго нябожчыцаю маткаю. Можа, тое, што ён убачыў тады, навек сядзiць у яго сэрцы i, колькi ён будзе жыў, нiколi не вытравiцца з яго. Што ты тутака развёў гандаль перад iмi - цераз гэты гандаль i тады сям'ю раскiдаў i цяпер моцнай не зробiш! Як тады было не вяселле, а нейкi гандаль, дык i цяпер тое самае. Не навучыў цябе i астрог; хоць бы ты малых дзяцей пашкадаваў...
- Што ты мяне, гадаўка, сарамацiш перад усiмi людзьмi...
- Я табе гэта i без людзей гаварыла, кожны дзень дзяўбла табе ў галаву, што зноў пасля пачнецца калатня ў хаце, толькi што тады гатова больш сiрат застацца.
- А Божа ж мой, - заплакала Зося.
|< Пред. 7 8 9 10 11 След. >|