Лявон Бушмар (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 38 из 109

Так, як ляцяць кожны год, абы толькi замакрэе веснавы снег, гусi над Бушмаравай сялiбай, так, як адлятаюць яны над гэтымi ж лясамi назад, абы толькi пацямнее ад старасцi на ржышчы белае павуцiнне, - гэтак сваiмi дарогамi будзе хадзiць чалавек, пакуль увесь узыдзе на дарогi iншыя.

У той дзень, калi вярнулася Амiля пасля ўтрапення свайго ў Бушмараў дом, яна ажыла была дзеля iншай сваёй дзейнасцi, жывучы на свеце. Яна, як Бушмар прыйшоў толькi ў хату, пад поўдзень пачала выгаворваць яму ўсё, што сабралася ў яе; гаварыла яму i пра сябе i пра яго.

- ...Ты пануры, ты цяжкi, i з табою цяжка, але ты можаш з'iначыцца. Толькi скажы мне раз назаўсёды, што я для цябе i цi патрэбна я табе. Калi ты знявiдзеў мяне, дык годзе папрокамi ўсякiмi мучыць мяне, а выганi мяне з хаты. Тады я ведаць буду! Калi ж ты сам не ведаеш, што я для цябе, дык слухай - я застануся з табою... Нам не кепска будзе жыць... У нас будзе дзiцё, тваё дзiцё... а маё дзiцё цяжкiм для цябе не будзе. Я зраблю тут усё ў нашым доме так, што нiчога лiшняга i непатрэбнага для нас не будзе, усё будзе добра i табе i мне. Толькi не будзь воўкам для мяне, а калi iнакшым быць не можаш, дык - скажы мне, не маўчы - нашто я табе? Ты скажы... Ты не маўчы больш, але скажы тое, што трэба. Без папрокаў скажы... Тады лепш будзе ўсё...

Яна гаварыла доўга. Ён спачатку маўчаў з новым прасветленым нейкiм тварам, як ад якой трывожнай i важнай навiны, пасля якой прыкра яму стала, але ж ён даслухаць хацеў да канца. Усё маўчаў, нiводнага разу не глянуў на яе.

- Чаго ты? - сказаў ён раптам.

- Што?

- Што з табою зрабiлася? Дзе ты была?

Яна глядзела на яго.

- Дзе ты была? Чаму ты гэтакая?

- Дома была.

- Дзе дома?

- У Андрэя была. Сына свайго глядзець хадзiла. Сын у мяне ёсць, ведаеш?..

|< Пред. 36 37 38 39 40 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]