Лявон Бушмар (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 60 из 109

I мне не ўдалiся! Вы ж тады (я добра заўважыла вас) былi на судзе, вы чулi ўсё, як жа вы гэта пайшлi за яго? Як вы не пабаялiся! Хiба не вiдаць было тады, што гэта за чалавек!..

- Мы з iм жывём добра.

Амiля плакала. Дрэннае пачуццё да Галены расло ў ёй.

- Дзякуй Богу, што яны не падобны адзiн на аднаго.

- Хто?

- Дзецi. Я свайго знявiдзела б тады.

- За што? Нашто вы гэта гаворыце? Вы i на мяне нядобра, як на ворага, глядзiце? А за што?.. Я ж бачу, што пра Бушмара вы i цяпер думаеце. Якi б ён нi быў, вы на яго не забылiся...

- Забылася... Не думаю...

- Мусiць, думаеце, калi гаворыце гэтак, калi адразу што ўцяклi былi тады ад яго, з першых дзён. Бо ён цяжкi чалавек, iнакшым ён нiколi не будзе.

- А вы ж жывяце з iм, не ўцяклi ад яго.

- Я жыву, але каб ён паздзекаваўся з мяне, я i дня нiколi з iм не была б. Бо нашто гэтак жыць...

- А калi лепш няма як?

- Як гэта няма? На свеце ўсякага жыцця даволi i чалавечае долi шмат...

Амiля панура слухала. Якраз так гаворыць часам брат, калi жонка пачне скардзiцца на долю.

- Чаму ж ты сам свае добрае долi не знайшоў, а каго дык вучыш? крыўдзiцца жонка на Андрэя тады.

Андрэй тады гаворыць колькi жорсткiх слоў пра дурную чалавечую нецярплiвасць i пра нуду з гэтакiмi людзьмi. I сыходзiць куды-небудзь з хаты.

"Пануры ён чалавек", - думае тады пра Андрэя Амiля, не ўмеючы iначай назваць братавай натуры.

IV

Неба было над лясамi сiняе i цiхае. I цiха было ў самых лясах. Восень зрабiла сваё i адпачывала на палянах - там яшчэ зелянiлася трава, стаяла вада.

|< Пред. 58 59 60 61 62 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]