Лявон Бушмар (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
61 из 109
Сям-там яшчэ жоўты лiсток трымаўся на дрэве, гатовы i зiмаваць там... Гэтай цiхасцi не парушалi i вятры. Яны густа iшлi ў сваю дарогу, дзiкаю ласкаю ападаючы на зямлю. Сонца часамi выкрадвалася з-за хмар, але восень, перад скананнем сваiм, любiла хмурнасць. Гэтак дажывала восень апошнiя днi. Туман з рэчкi цi лагчыны або дым з пастушковага вогнiшча калi ўзнiмецца, дык невысока стаiць над зямлёю. I гукi людскога голасу звiняць доўга ў гэтай прасторнай цiшынi.
Дарогi былi пустыя. На дарозе высокая чалавечая постаць вырасла раз надвечар. Жорсткi i рухавы выгляд яе рваў гармонiю цiхай восеннай ласкавасцi.
Чалавек спяшаў. За плячыма ў яго матлялася пустая торба. Ён толькi на ўзгорку прыпынiўся, адкуль больш вiдаць было зямлi навокал. I зноў заспяшаў. Вёску ён абышоў стараною, але яго ўсё роўна ўбачылi. I ўсе гаварыць пачалi пра яго:
- Бушмар iшоў дадому з астрога.
- Спяшаў страшна.
- Не адбыў свайго часу, амунiсцiя, мусiць, нейкая!
Вечар увосень находзiць шпарка. Бушмара ён агарнуў ля хутарской брамы. Сiнь неба згусцiлася, лясы пачарнелi.
Дубняк падыходзiў да самых хат. Увечары ён зусiм злiваецца з мiзэрным драўляным чалавечым прытулкам. Як запальваюцца на небе зоры, неба ўздымаецца вышэй, зямля чула дрэмле пад iм. Тады, калi заплача ў хаце дзiцянё, дзiцячы голас далёка чуваць у лесе.
Я цябе люляла...
Спявае жанчына. На дварэ чуваць, як скрыпяць вяроўкi ад калыскi. У хаце гавораць. Жанчына ўсё спявае.
- Андрук, ты збiраешся куды? - чуваць другi жаночы голас.
|< Пред. 59 60 61 62 63 След. >|