На чужым грунце (на белорусском языке)   ::   Колас Якуб

Страница: 2 из 4

Усякiя травы, кветкi, кожны кусцiк, кожная саломiнка, падымалi голавы, цягнулiся к сонцу, вiталi яго i ў чэсць яго курылi найлепшымi ладанамi - чысцейшымi туманамi ранiцы i прыямнейшымi пахамi свежых красак лугу. I сонейка вiталася з iмi i рассыпалася золатам, дыяментамi ў кожнай капельцы расы, адлiвала ўсiмi колерамi вясёлкi. Закiданае Калiўца Жыта таксама жадала сонца i цягнулася да яго кожнаю сваёй жылкай, усiм нутром сваiм. Мяцёлка штурханула яго.

- Куды сунешся, мужыцкая ўцеха? - сказала задзiра-мяцёлка.

- Шу-шу-шу, - зашапялявiў званец (гэта смех яго такi), - змый наўперад пясок са свайго рыла, тады пазiрай на сонейка.

- Яно тут фанабэрыi панабралася, усiх адцiснуць хоча i заняць чужое месца, - шаптала знiзу трава-драбяза.

Слова не сказала Жытцо на такую знявагу. I што ты адзiн зробiш процi ўсiх? А хiба жыта не ўмее цярпець?

Якая ж другая раслiна зазнае такога гора, як жыта? I яно цярпела, толькi сэрца ледзьве-ледзьве магло стрываць, каб не разарвацца ад жалю - так многа сабралася яго.

Хоць бы было з кiм пагаманiць, слова прамовiць, разважыць сваю тугу, думкi паганыя разагнаць, - усё ж было б лягчэй. I толькi той пойме, як цяжка было гэтаму Калiву ў лузе, хто сам многа перажыў, многа меў у сэрцы горкiх думак, якiмi не з кiм было падзялiцца.

Але мiнулiся веснавыя днi. У пагодзе зрабiлася вялiкая змена; пачалася суш. Заныў луг, пажаўцелi груды, цяжкiя пачалiся часы.

|< Пред. 1 2 3 4 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]