Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
14 из 117
Нарэшце, я нiколi не браў грошай у бедных i нiколi не крычаў пра гэта ўсiм i ўсюды. Але не думайце, мiлы пане, што я кажу ўсё гэта, каб пахвалiцца. Тут маёй заслугi няма: мяне заўсёды смяшыла тая прагнасць да славы, якая замянiла ў нашым грамадстве пачуццё свайго гонару. Я цэлiў вышэй. I хутка вы ўбачыце, што ў дачыненнi да мяне гэта даволi трапны выраз.
Ды мяркуйце хоць бы па маёй задаволенасцi. Я быў зачараваны сваёю натурай, а ўсе мы ведаем, што якраз у гэтым i ёсць шчасце, хоць часам, дзеля ўзаемнага супакаення, мы ганiм гэтую ўцеху i называем яе эгаiзмам. Я ж упiваўся ёю, я быў зачараваны, прынамсi, тою часткай сваёй натуры, якая так спраўна, так безадмоўна i так чуллiва рэагавала на сiротак i ўдоў, што з цягам часу разраслася i запанавала над усiм маiм жыццём. Мне, напрыклад, было невыказна прыемна пераводзiць сляпых цераз вулiцу. Калi яшчэ здалёк я заўважаў нерашучы кiёк, якi вагаўся на беразе ходнiкаў, я кiдаўся наперад, абганяў усiх, часам усяго на нейкую секунду выпярэджваў ужо працягнутую спачувальную руку, каб мой сляпы не мог пакарыстацца нiчыёй iншаю спагадай, апроч маёй, i мяккай, але ўпэўненай рукою вёў яго па пераходзе, мiнаючы ўсе перашкоды руху, да цiхай гаванi другiх ходнiкаў, дзе мы расставалiся з узаемнай удзячнасцю i хваляваннем.
|< Пред. 12 13 14 15 16 След. >|