Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
16 из 117
Наадварот - я знаходзiў у гэтым трывалыя ўцехi, не сама меншай з якiх была лёгкая меланхолiя, што нараджалася ўва мне, калi я прадбачыў бясплённасць сваiх дароў i верагодную няўдзячнасць, якую яны напаткаюць. Я настолькi любiў даваць, што ненавiдзеў, калi гэта трэба было рабiць з нейкага абавязку. Педантычнасць, дакладнасць у справах, што маюць дачыненне да грошай, мяне заўжды прыгняталi, i я падпарадкоўваўся iм з вялiкаю прыкрасцю. Я хацеў адчуваць сябе адзiным гаспадаром сваёй дабрадзейнасцi.
Усё гэта, вядома, толькi дробныя штрыхi да маёй бiяграфii, але яны дапамогуць вам зразумець, якую трывалую асалоду я знаходзiў у сваiм жыццi i асаблiва ў сваёй прафесii. Быць, напрыклад, перастрэтым у калiдоры Палаца правасуддзя жонкай якогась падсуднага, якога ты абараняў толькi ў iмя справядлiвасцi або праз шкадаванне, што значыць-бясплатна; пачуць, як гэтая кабета лапоча, што нiчым, далiбог, нiчым нельга выказаць, якую паслугу зрабiў ты iх сям'i; адказаць, што iначай i быць не магло, любы iншы зрабiў бы таксама, прапанаваць нават грашовую дапамогу на першыя цяжкiя днi, а потым рэзка спынiць яе сардэчныя падзякi, каб захаваць iх чыстае гучанне, пацалаваць нябозе ў руку i сцiпла знiкнуць - гэта, паверце, шаноўны пане, i ёсць дасягнуць той вышынi, на якую вульгарная прагнасць да славы не здольная, гэта значыць - узбiцца на тыя вяршынi, дзе дабрачыннасць жывiцца ўжо толькi самою сабой.
Але спынiмся на гэтых вяршынях. Вы цяпер разумееце, што я хацеў сказаць, калi гаварыў, што цэлiў вышэй.
|< Пред. 14 15 16 17 18 След. >|