Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
24 из 117
Дык уявiце сабе, кожны вечар гэты небарака клаўся спаць на падлозе, каб пазбавiць сябе тых выгод, якiх не меў той, каго ён любiў! Скажыце, шаноўны, хто будзе спаць на падлозе за вас? Ды цi сам я здольны на гэта? Паверце, я хачу быць здольным, i я буду. Мы ўсе некалi будзем здольныя на гэта, i ў гэтым будзе наш ратунак. Але гэта нялёгка. Нялёгка, бо дружба няўважлiвая цi, прынамсi, бяссiльная. Яна б i хацела, але не можа. Цi, можа быць, яна не так ужо моцна хоча? Можа быць, мы не так ужо моцна любiм жыццё? Вы заўважалi, што толькi смерць абуджае нашы пачуццi? Як мы любiм сяброў, што пакiнулi нас назаўжды! Як захапляемся мы вялiкiмi майстрамi, якiя ўжо змоўклi навекi, бо iх рот набiты зямлёй! Пахвала тады сама зрываецца ў нас з языка, тая пахвала, якую яны, мабыць, чакалi ад нас усё жыццё. I ведаеце, чаму мы заўсёды больш справядлiвыя i зычлiвыя да памерлых? Прычына вельмi простая! Перад iмi ў нас няма абавязкаў. Яны не абмяжоўваюць нашай свабоды, i мы можам пахвалiць iх тады, калi хочам, памiж кактэйлем i мiлай каханкай, - калi нам, увогуле, усё роўна рабiць болей няма чаго. Калi ж яны i патрабуюць ад нас чагосьцi, дык толькi ўспамiнаў, а памяць у нас вельмi кароткая. Мы любiм толькi нядаўна памерлых сяброў, пакуль у нас яшчэ жыве свежае хваляванне, пакуль не ацiх наш боль - нарэшце, мы любiм зноў-такi самiх жа сябе!
У мяне быў адзiн сябар, якога я стараўся часцей пазбягаць. Мне з iм было крыху нудна, i потым - ён назаляў мне сваiмi маральнымi настаўленнямi. Аднак калi ён апынуўся на смяротным ложы, будзьце спакойны, я адразу ж сядзеў ля яго.
|< Пред. 22 23 24 25 26 След. >|