Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
26 из 117
Дворнiчыха ляжала хворая ў сваiм адзiным пакойчыку, i труну з целам нябожчыка паставiлi побач з ёю на драўляных козлах. Кожны жыхар мусiў сам забiраць сваю пошту. Усе заходзiлi, казалi: "Дзень добры, панi", -слухалi хвалебныя словы ў адрас нябожчыка, на якога няшчасная паказвала рукой, i, узяўшы свае газеты, знiкалi. Вы хочаце сказаць, што ў гэтым няма нiчога вясёлага! Тым не менш, увесь дом пабываў у гэтым пакоi, дзе нясцерпна патыхала фенолам. I заўважце, людзi не пасылалi сваiх пакаёвак, яны самi iшлi пакарыстацца такiм удалым выпадкам. Зрэшты, i пакаёўкi таксама прыходзiлi, але цiшком, каб iх не заўважылi. У дзень пахавання аказалася, што труна настолькi вялiкая, што не пралазiць у дзверы. "О даражэнькi ты мой, - прастагнала дворнiчыха са свайго ложка, i ў яе голасе пачулася адначасова зачараванае i прыкрае здзiўленне, - якi ж ты быў вялiкi!" - "Не хвалюйцеся, панi, - азваўся распараднiк працэсii, - зараз мы яго нахiлiм i пранясём стаўма". Яго сапраўды нахiлiлi, пранеслi i потым паклалi, i я быў адзiны (калi не лiчыць былога бармена, з якiм, як я даведаўся, нябожчык штовечар пiў у бары "Перно"), хто дайшоў аж да могiлак i кiнуў кветкi на труну, раскошнасць якой мяне, дарэчы, здзiвiла. Пасля гэтага я зайшоў да дворнiчыхi, каб паслухаць, як яна голасам трагiчнай акторкi выкажа мне сваю ўдзячнасць. Вы запытаецеся, навошта я гэта зрабiў? Нiнавошта. А можа, таксама - каб выпiць свой хмельны напой.
Аднойчы мне давялося хаваць старога супрацоўнiка з Калегii адвакатаў. Гэта быў даволi нiкчэмны чыноўнiк, але я заўсёды пацiскаў яму руку.
|< Пред. 24 25 26 27 28 След. >|