Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
33 из 117
О, у той час нiхтоне хаваў сваiх сакрэтаў! Дужыя былi людзi, шчыра так i казалi: "Вось мая хата, заходзьце, я гандлюю рабамi, прадаю чорнае мяса". Вы можаце сабе ўявiць, каб нехта сёння мог адкрыта прызнаць, што ён займаецца падобнымi справамi? Якi скандал! Я ўжо адсюль чую, што б сказалi мае браточкi ў Парыжы. У такiх пытаннях яны няўмольныя, яны б адразу, без усялякiх ваганняў, выдалi два цi тры манiфесты, а то, можа, i болей! Па развазе, бадай, i я б прыклаў сваю ручку. Рабства? Не-не, як можна! Мы супраць! Праўда, мы вымушаны мiрыцца з iм у сям'i цi, скажам, на заводах, але так ужо яно заведзена. Але каб хвалiцца - гэта занадта!
Я разумею, што немагчыма абысцiся без таго, каб не ўладарыць цi не мець каго-небудзь у сваiм паслушэнстве. Рабы патрэбны кожнаму чалавеку як паветра. Загадваць - значыць дыхаць, вы не згодны са мною? I нават сама абяздоленыя дыхаюць. Бо i ў чалавека, якi стаiць на сама апошняй прыступцы сацыяльнай iерархii, ёсць бацькоўская цi сямейная ўлада. Калi ж ён халасты, у яго ёсць сабака. Галоўнае, увогуле, у тым, каб магчы сварыцца, калi другi не мае права табе адказаць. "Не смей адказваць бацьку!" - вы, вядома ж, чулi такое выслоўе. У пэўным сэнсе, яно даволi дзiўнае. Каму ж тады адказваць, як не таму, каго любiш? Але з iншага пункту погляду, яно бясспрэчнае, бо нехта ж павiнен мець права на апошняе слова. Iначай любому доваду можна супрацьпаставiць iншы, i так будзе бясконца. Затое ўлада адразу спыняе ўсякiя спрэчкi. Мы патрацiлi нямала часу, каб уразумець гэтую iсцiну.
|< Пред. 31 32 33 34 35 След. >|