Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
39 из 117
Ён спынiўся на чырвоны сiгнал i дарэмна стараўся завесцi матор, якi чамусьцi заглух. Калi запалiўся зялёны сiгнал, я папрасiў яго, са сваёю звычайнаю ветласцю, адцягнуць матацыкл трошкi ўбок, каб я мог праехаць. Чалавечак, якi ўсё яшчэ раздражнёна поркаўся са сваiм наравiстым маторам, паводле ўсiх правiлаў парыжскай галантнасцi, адказаў, што я магу кацiцца да д'ябла. Я паўтарыў сваю просьбу, па-ранейшаму ветлiва, але ўжо з пэўнай нецярплiвасцю ў голасе. Да майго ведама было адразу даведзена, што, калi мне так карцiць, мне зараз намыляць карак. У гэты момант за спiнай у мяне пачулася некалькi гудкоў. З яшчэ большай настойлiвасцю я папрасiў свайго субяседнiка быць ветлiвым i ўлiчыць, што ён замiнае руху. Тэмпераментны пан, безумоўна, раззлаваны цяпер ужо яўнай упартасцю свайго матора, паведамiў, што, калi я хачу, як ён сказаў, "зарабiць па пысе", то ён зробiць гэта з вялiкiм задавальненнем. Такое цынiчнае нахабства мяне добра ўгнявiла, i я выйшаў з машыны, каб накруцiць фанабэрыстаму грубiяну вушы. Я нiколi не лiчыў сябе за баязлiўца (але чаго толькi чалавек не ўяўляе сабе!), апроч таго, я на цэлую галаву быў вышэйшы за працiўнiка i мае бiцэпсы мяне яшчэ нiколi не падводзiлi. Я i цяпер упэўнены, што па пысе хутчэй за ўсё зарабiў бы ён, а не я. Аднак ледзь я ступiў на дарогу, як вакол нас вырас натоўп, i нейкi чалавек падбег да мяне i пачаў крычаць, што я сама апошнi нягоднiк i што ён забараняе мне бiць чалавека, якi сядзiць на матацыкле i знаходзiцца, такiм чынам, у нявыгадным становiшчы.
|< Пред. 37 38 39 40 41 След. >|