Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
38 из 117
Такiм чынам, тая самая прыродная загана, якая рабiла мяне абыякавым i няўважлiвым да людзей, адначасова забяспечвала мне высакароднасць.
Вось так я i жыў дзень пры днi, не ведаючы нiякай iншай рэальнасцi, апроч свайго "Я". Дзень пры днi - жанчыны, дзень пры днi - велiкадушныя ўчынкi i юр, дзень пры днi - усё кулём, але кожны дзень - толькi я, надзейны вартаўнiк у сябе ж на пасту. Я слiзгаў па паверхнi жыцця, жыў на словах, калi так можна сказаць, i нiколi не апускаўся да рэальнасцi. Тыя кнiгi, што я гартаў, я амаль не чытаў, тых сяброў, з якiмi сыходзiўся, амаль не ведаў, гарадоў, у якiх пабываў, амаль не бачыў, жанчын, з якiмi я спаў, амаль не меў! Усё, што я рабiў, - я рабiў ад нуды цi дзеля забавы. Побач праходзiлi людзi, яны хацелi за мяне ўхапiцца, але iм не было за што, i гэта было няшчасце. Няшчасце для iх. Бо я - забываў. Я нiколi не помнiў нiчога, апроч самога сябе.
Але патроху памяць вярнулася да мяне. Цi не - я сам да яе вярнуўся, i я знайшоў у ёй успамiны, якiя мяне чакалi. Але раней чым расказаць вам пра гэта, дазвольце, я паведамлю яшчэ некалькi прыкладаў з таго, што я адкрыў падчас сваiх пошукаў. Я ўпэўнены, вам яны прыдадуцца.
Дык вось, аднойчы, седзячы за рулём свайго аўтамабiля, я на хвiлiну задумаўся перад зялёным сiгналам светафора. Нашы цярплiвыя суайчыннiкi адразу пачалi гудзець мне ў спiну, i раптам мне прыгадалася адно здарэнне, якое адбылося ў такiх самых абставiнах. У той дзень мяне абагнаў на матацыкле маленькi сухарлявы чалавечак у акулярах i ў нагавiцах для гульнi ў гольф.
|< Пред. 36 37 38 39 40 След. >|