Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
74 из 117
Цi ж не пачварней быць па гэты бок адгародкi, сядзець вось на гэтай адвакацкай лаве i ўсведамляць, што ты нiколi не быў добры i нiколi не пакутаваў, калi табе здраджвалi? Я свабодны, непадуладны нi суду, анi вашай волi, але паглядзiце - хто я? Пыхлiвы, як сонца, юрлiвы, як асёл, гняўлiвы, як фараон, ленаваты, як усходнi ўладар! Я нiкога не забiў? Што ж, праўда, пакуль што нiкога! Але цi не я даў памерцi многiм шаноўным людзям, нават пальцам не варухнуўшы, каб iм пасобiць? Магчыма? Але магчыма i тое, што я здольны яшчэ не раз гэта паўтарыць. А гэты - вы зiрнiце на яго! - гэты не паўторыць нiколi. Ён i цяпер яшчэ не можа апамятацца ад здзiўлення, што так спрытна ўсё правярнуў". Такая прамова крыху збянтэжыла маiх юных калег. Потым яны вырашылi, што гэта быў жарт, i iм трэба пасмяяцца. I зусiм ужо супакоiлiся, калi на заканчэнне я пачаў красамоўна гаварыць пра чалавечую асобу i яе ўяўныя правы. Што зробiш, звычка ў той дзень аказалася мацнейшая за мяне.
Час ад часу паўтараючы падобныя мiлыя выбрыкi, я дасягнуў толькi таго, што крыху збiў з тропу грамадскую думку. Збiў з тропу, але не абяззброiў, як i не абяззброiў самога сябе. Збянтэжанасць, якую я звычайна выклiкаў у сваiх слухачоў, i маўклiвае здзiўленне, накшталт таго, якое цяпер адчуваеце вы, - о, ды вы не адмаўляйцеся, гэта ж натуральна, - не давалi мне нiякага суцяшэння. Усё ў тым, што абвiнавацiць сябе яшчэ не дастаткова, каб зрабiцца бязвiнным, iначай я быў бы чысценькi, як ягнятка.
|< Пред. 72 73 74 75 76 След. >|