Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
79 из 117
Не памятаю, цi казаў я вам, што мой прыгожанькi папугайчык ад роспачы хацеў пакончыць сваё няшчаснае жыццё галоднай смерцю? На шчасце, я паспеў своечасова - я самаахвярна працягнуў руку i падтрымлiваў яе да той пары, пакуль яна нарэшце не сустрэла нейкага iнжынера з сiвiзной на скронях, якi толькi што вярнуўся з вандроўкi на Балi i пра якога ўжо пiсаў яе любiмы штотыднёвiк. Карацей кажучы, замест таго каб ачысцiцца ад грахоў i з галавой, як той казаў, аддацца вечнай страсцi, я толькi яшчэ больш памножыў цяжар сваiх памылак i аблуд. Усё гэта абудзiла ўва мне такую агiду да любовi, што я не мог болей чуць пра "Светлае жыццё" i "Каханне i смерць Iжоты", каб не заскрыгатаць зубамi. Я паспрабаваў у пэўным сэнсе адмовiцца ад жанчын i пачаць цнатлiвае жыццё манаха. Урэшце, мне павiнна было хапiць i аднаго жаночага сяброўства. Але гэта азначала - адмовiцца ад гульнi. Бо, як аказалася, ва ўсiм астатнiм, апроч кахання, жанчыны наводзiлi на мяне нясцерпную нуду, яшчэ большую, чым я спадзяваўся, i, вiдаць, не меншую нуду наводзiў на iх я. Кончылася гульня - кончыўся i тэатр, я апынуўся ў самай гушчы праўды. А праўда, мiлы дружа, - гэта сама смяротная нуда.
Каханне i цнатлiвае жыццё мне не прынеслi паратунку, i я вырашыў, што застаецца адно - кiнуцца ў распусту, якая выдатна замяняе любоў, прыглушае смех, наводзiць поўнае маўчанне i, што сама галоўнае, - даруе бессмяротнасць. Калi позна ноччу ў стане таго ап'янення, калi ўсё робiцца ясным i зразумелым, ты ляжыш памiж дзвюма шлюхамi i не адчуваеш ужо нiякага жадання, надзея больш не здаецца пакутай, над усiм запаноўвае поўная свядомасць, i боль жыцця ўяўляецца адоленым назаўжды. У пэўным сэнсе, я заўсёды жыў у распусце i заўсёды марыў быць бессмяротным.
|< Пред. 77 78 79 80 81 След. >|