Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
81 из 117
Калi чалавек распуснiчае, ён думае толькi пра сябе, i таму гэты занятак заўсёды будзе найлюбiмейшы ва ўсiх вялiкiх сябелюбаў. Распуста - гэта джунглi без мiнулага i будучага, i галоўнае - без нiякiх абяцанняў i неадкладнай кары. Мясцiны, дзе ёю займаюцца, аддзелены ад свету. I кожны, хто туды заходзiць, разам з надзеяй адкiдае страх. Размовы там неабавязковыя: усё, па што туды прыходзяць, даецца там без лiшнiх слоў, а часам нават i без грошай. Дазвольце ж, калi ласка, я ўшаную тых невядомых i забытых жанчын, якiя мне тады дапамаглi! Яшчэ i цяпер я прыгадваю пра iх з цёплым пачуццём, падобным нечым да павагi.
Ва ўсякiм выпадку я да душы пакарыстаўся гэтым выратавальным сродкам. Мяне можна было ўбачыць нават у адмысловым гатэлi, цi, як iх яшчэ называюць, грэшным доме, дзе я адначасова жыў i з пераспелай шлюхай, i з маладзенькаю шляхетнаю дзяўчынай. З першай я гуляў у паслужлiвага рыцара, а другой даваў магчымасць зведаць пэўныя таямнiцы нашага жыцця. На няшчасце, шлюха аказалася даволi буржуазнаю натурай i неўзабаве пагадзiлася надрукаваць свае ўспамiны ў рэлiгiйным часопiсе, якi шырока асвятляў праблемы сучаснага грамадства. А маладая паненка, каб задаволiць свой абуджаны iнстынкт i знайсцi ўжытак сваiм выбiтным здольнасцям, хутка выйшла замуж. Магу пахвалiцца, што ў той час мяне як роўнага прымалi ў мужчынскiх кампанiях, на якiя часта наводзяць дарэмны паклёп. Дый вы самi добра ведаеце, што нават вельмi iнтэлiгентны чалавек лiчыць за гонар, калi можа выпiць на бутэльку больш за свайго суседа. Можа быць, я i здолеў бы знайсцi спакой i забыццё ва ўсiх гэтых прыемных уцехах.
|< Пред. 79 80 81 82 83 След. >|