Што яны страцили (на белорусском языке)   ::   Колас Якуб

Страница: 2 из 9

Таксама заслугоўвае ўвагi i гэтая далiна, бо калi ўставалi грозныя цёмна-сiнiя хмары i грымелi далёкiя громы, яны незвычайна выразна кацiлiся-дрыгацелi па далiне, абабягалi возера. Калыхалiся тады палахлiвыя чароты, пагойдвалiся стройныя сiтнякi, нават сам лес таемна шапацеў чуллiвымi лiсточкамi-струнамi. Усё гэта злiвалася ў невыказна прыгожую музыку. Здавалася, увесь прастор напаўняўся тады спевамi i музыкаю, такою музыкаю, што нiякiя музыкi на свеце не маглi яе пераняць.

Была ранiца. Залатыя стрэлы сонца, рассыпаўшыся па ўсiм свеце, выносiлi новы дзянёк, той дзянёк, якi меў у сабе ўсе рысы самага лепшага лета. Мяккая, роўная, ласкавая цеплыня паволi разлiвалася па зямлi, а разам з гэтым i нейкая радасць уздымалася ў сэрцы тых, хто так цi iначай адчуваў жыццё.

- Сонца ўзышло! - цiха i радасна абвясцiў усход сонца стары дуб на ўзгорку, i яго лiсце ледзь-ледзь задрыжала.

- Сонца ўзышло! - шэптам сказалi дзве хвоi.

Гэтую вестку падхапiлi сiтнякi, чароты, аеры, i праз колькi хвiлiн стала вядома на возеры i на акрайку лесу, што ўзышло сонейка. Рачулка яшчэ далей панесла гэту вестку, i аб усходзе сонейка даведалася кожная красачка, кожная травiнка. Гэта быў незвычайна радасны момант абуджэння прыроды, асаблiва калi ў чыстых кропельках расы заззялi вясёлкi - тысячы, мiльярды вясёлак. Але гэта быў толькi адбiтак усмеху сонца.

Бабка-зялёнакрылка сядзела на чарацiнцы.

|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]