Што лепей (на белорусском языке)   ::   Колас Якуб

Страница: 2 из 3

Ну, каму з яе карысць?

- Ведаеш, мiлы жаваранак: лепш не жыць зусiм, чым мець такое жыццё!

Жаваранку шкада было Хвоi, i ён спяваў ёй такiя мiлыя песнi!

Вецер пасмейваўся з гэтайгутаркi i не верыў таму, што казала Хвоя. Але з чаго i з каго не кпiць вецер? I верыць яму таксама не варта.

Прыляцеў раз Каршун i сеў на Хвоi, - на ёй была такая галiна, як бы сумыслу дзеля гасцей вырасла.

- Гм! - сказаў Каршун. - А агонь усё не гасне. Калi пойдзе так далей, дык i лес увесь згарыць.

- Пра якi агонь кажаш ты, Каршун? - спытала Хвоя.

- Пра той, што палiць, - адказаў сярдзiта Каршун.

- А якi агонь не палiць?

- Той, што не пячэ.

- А хiба ёсць такi агонь?

Каршун не адказаў, вiдаць было, што ён растрывожаны i болей гаварыць не мае ахвоты.

Можа б, яно i лепей было, каб Каршун зусiм нiчога не казаў, - лепей жыць без страху i трывогi, а памiраць усё роўна калi-небудзь ды трэба. Справа была ў тым, што недалёка гарэў торф!

У першую хвiлiну Хвоя нiчога не цямiла: была як бы аглушана гэтай весткаю. Вецер кожную ранiцу разносiў ва ўсе бакi горкi дым, што збiраўся за ноч над гарэлым тарфяным балотам. I не раз гэты дым затрымлiваўся ў пышнай iглiцы адзiнокага дрэва. То той, то другi - кожны дзень так цi iначай казаў пра няшчасце, пра гэты тарфяны пажар. Ясна было нават i пням, што iх усiх тут чакае.

Хвоiны думкi цяпер кружылiся каля аднаго... I так ёй мiла стала жыццё i гэты свет. Здавалася, з вачэй яе апала пялёнка, i яна першы раз зiрнула навокал.

I нейкi жаль агарнуў адзiнокую Хвою. Ёй шкада стала ўзгоркаў, што беглi ва ўсе канцы. Як прыгожа выглядалi iх зялёныя пакаты! Жоўтыя пясочкi былi такiя ласкавыя, такiя прыветныя...

|< Пред. 1 2 3 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]