Супраць вады (на белорусском языке) :: Колас Якуб
Страница:
2 из 3
Азярко казала, што лозы i алешнiк пасеяны Дзедам дзеля таго, каб не даць волi вадзе, каб умацаваць бераг i гэтым самым трымаць на прывязi ваду. Лозы i алешнiк - гэта Дзедавы служкi.
А вадзяная лотаць? А чароты, аеры?
- Лепей зусiм бы iх не было, - казала Азярко, - гэтыя раслiны i краскi магiльныя крыжы для вады.
Хацелася Азярку вылiцца з балотных берагоў сваiх, пайсцi другiм месцам i крыху асвяжыцца. Гэтае жаданне i прагненне волi яшчэ павялiчылася ў iм пасля таго, калi сюды пачалi прабiвацца крынiчкi жывой вады. Яны расказвалi, дзе iм прыйшлося пабыць i якую карысную зрабiць на свеце работу. Азярко чула тут святую праўду, i яшчэ большае нездаваленне падымалася ў iм супраць Дзеда.
- Пане гаспадару! - сказала раз Азярко Дзеду. - Даволi я пабыло тут. Вада - такая рэч, што не можа доўга стаяць на адным месцы: спакой - вадзе пагiбель. Сам ты бачыш, што на дно маё падае бруд, а ў гэтым брудзе завялося балотнае зелле...
- Мiлае маё! - сказаў Дзед. - Ты ж тут не адно, а я павiнен падумаць аб кожным з вас, i я ведаю, што дзеля поўнага парадку павiнна быць чыя-небудзь адна воля; а калi кожны пачне жыць сваёю галавою, дык што будзе?
- Твая праўда, гаспадару, павiнна быць чыя-небудзь адна воля, дык няхай гэта будзе адна супольная воля - воля нашага згуртавання.
- Так, так! - падхапiлi лес, луг i поле.
З гэтага часу i пайшла спрэчка - усе супраць Дзеда.
- Ах вы, свавольнiкi, свавольнiкi! - узлаваўся Дзед. - Я ваш гаспадар, i будзе так, як хачу я.
Прайшло яшчэ колькi часу. Дзед рабiў тамаванне, узмацняў берагi Азярка.
|< Пред. 1 2 3 След. >|