Страница:
128 из 594
— Як гэта нельга есці шчупака? Якія гэта «духоўныя прычыны»?
— Хто шчупака есць, а галаву асабліва, той грэшнік горш за каталіка і ерэтык горшы за Лютара ў сарамаце сваёй, — сказаў Ладысь.
— Гэта яшчэ чаму, паганец ты?! — ускочыў Басяцкі.
— А таму, — навучальна сказаў Сіла, — што ў шчупаковай галаве ёсць усё начынне, якім Хрыста каралі. Косткі такія накшталт храшчоў. Тут табе крыж, тут табе цвікі, тут табе і дзіда. Дарма, думаеце, іудзеі так шчупака любяць?
— Дурніла ты, вось хто, — сумна сказаў Раввуні. — Галаву на плячах мець трэба, вось што.
Лотр паціснуў плячыма:
— Гэтыя людзі закаснелі ў паганскіх павер'ях сваіх і ў самай абрыдлівай ерасі. Хіба гэта хрысціяне? Адзінае, што вылечыць іх ад дысідэнцтва — ачышчальнае вогнішча… Ну, далей. Значыцца, іудзей пачаў божкаць аб рыбе.
— Але, — сказаў Іосія. — Я пакляўся Выйсцем, што з-за такога Левіяфана, можа, і варта было біцца і ён быў бы тут вельмі дарэчы.
— І тут я сказаў, што буйную рыбу мы аддаём пану. А іудзей сказаў, што ён заўсёды лічыў рыбакоў за разумных людзей і сёння ўпэўніўся ў гэтым. Тады гэты Братчык спытаў, нашто мы з-за панскай рыбы секлі свае мярэжы.
Толькі тут я апамятаўся, што і мярэжы пасечаныя не нашы, і чаўны патопленыя — ад пана. І, значыцца, чакае нас кум-бізун і сядзенне ў калодках ля царквы прынамсі на чатыры нядзельныя імшы, а можа, і нешта горшае.
Тут Ладысь загудзеў:
— Браткі вы мае ўлюбёныя! А што ж гэта нам рабіць?! А як жа нам цяпер перажыць?!
І тады Братчык сказаў, што трэба ўцякаць. А іудзей пакруціў толькі галавою.
|< Пред. 126 127 128 129 130 След. >|