Страница:
126 из 594
— Гэта ў мяне… мухамі, — сказаў Сіла. — Бо ён мяне — таксама…
— А тады гэты вось юрод, прарок-недавучка, Ладысь, абразіць мяне вырашыў.
— Вочы ў цябе, — кажа, — у неналежным месцы.
Я яму таксама — плюху. Але ён, відаць, збаяўся мне адказаць. Ён Аўтушка майго схапіў. А той яшчэ ў розум не ўвайшоў.
— Ён мяне схапіў, — сказаў трохі баязліва Аўтух.
— Чую — чабарох! — гэта яны, значыцца, у ваду ўпалі. Мне глядзець няма калі — я Сілу ваўтужу. Толькі чую: хістаецца човен. Братка, значыцца, вызваліўся ад таго і вылазіць. Толькі потым адштурхнуў старэйшага Гарнца і… Што такое?… Малодшы Гарнец у маім чаўне сядзіць… А мой Аўтушок у Сілавым чаўне. Пераблыталі. Тут Сіла, пэўна, зразумеў: са мною яму не здужаць.
— Гэта ты зразумеў, — сказаў Сіла. — Куды карасю супраць ліна?
— Я тады размахнуўся ды гэтаму ягонаму Ладысю — балазе ён у маім чаўне — поўху. Гляджу — Сіла вачыма закруціў:
— Ах, ты майго брата?… Дык — на і твайму, — і як дасць Аўтушку. Той, бедны, аж зубамі ляснуў. Мне яго, канечне, шкада. Я шалею. Я тады зноў Ладысю як даўдаў. Крычу:
— Гэ, ты майго любага брата? Хай і твой атрымае!
— І твой!
— І твой!
І дайшлі б мы абавязкова да смертазабойства, каб браты не здагадаліся. Скокнулі яны ў ваду ды паплылі да берага, як, шануючы вас, дзве сучкі… А ўва мне аж усё заходзіцца. Аж сэрца кіпіць. Хапаю я сякеру. І Сіла сякеру хапае. І тут прыбавілася б у нас у галовах яшчэ па адной дзірцы, каб ён не спалохаўся.
|< Пред. 124 125 126 127 128 След. >|