Страница:
516 из 594
Паступова сцягваліся да ратушы банды забойцаў, усе нібы сп'янелыя, паплямаваныя сваёй і чужой крывёй.
— Ну дык што? — спытаў Пархвер. — І што рабіць з тымі?
— Зараз пойдзеце, — усмешка Лотрава была, як раней, спакойная і высакародная. — А з тымі? Ну што ж. Яго абавязкова вазьміце жывога. Іншых — як хочаце.
Да яго падвялі Анею і Раввуні.
— Скажыце яму, каб ён здаваўся, — сказаў Лотр. — Іначай у яго хопіць дурасці разбіць галаву, скокнуўшы з яра.
Анея маўчала. За яе адказаў Іуда:
— А задавіцеся вы! Я быў меднік. Я вывучаў талмуд і таму быў бядняк, бо вывучаў яго не так, як усе. Я нават спрабаваў гандляваць, і гэта былі слёзы, цорэс. Але я не гандляваў людзьмі. І ім — не буду.
— Нічога, мы знойдзем спосаб, — сказаў Лотр. — А іншых забіце, Пархвер. Папа Мікалай Першы пісаў балгарскаму цару Багорысу: «Хай правадыр не збаіцца вяршыць забойствы, калі яны могуць трымаць ягоных падданых у паслушэнстве або падпарадкоўваць іх веры…» Вы нешта сказалі, бурмістр?
— Сказаў, — у Юстына з-пад скобкі валасоў вуголлямі гарэлі вочы. — Я сказаў: пастыр лютага статка, люцейшы яшчэ за пасомых.
— Што ж, неблагая ўхвала, — усміхнуўся кардынал. — Ідзіце, Пархвер. Каплан меў рацыю. «Забівайце. У імя Бога забівайце!»
РАЗДЗЕЛ LІ «ВОСЬ АДДАЕЦЦА СЫН ЧАЛАВЕЧЫ…»
Кінуў дзіду сваю нагой і прабіў яму грудзі.
Сага пра Кухуліна
І ўсе, гледзячы на яго, бачылі твар ягоны, як твар анёла.
Дзеянні, гл. 6, ст.
|< Пред. 514 515 516 517 518 След. >|