Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 518 из 594

І ворагі ўласнымі целамі, усёй сваёй масай адціскалі і адціскалі апошніх паўстанцаў да крутаяра.

Хрыстос адчуваў, што ён як зачараваны. Кідаецца, б'е, сячэ, падаюць вакол сябры (Лотравы людзі пачалі расстрэльваць іх з лукаў), падаюць ворагі, а яму хаця б нехта драпіну нанёс.

І гэта было горш за ўсё. Значыцца, хочуць узяць жыўцом. Глупства! Хто перашкодзіць яму кінуцца з урвішча ўніз галавою?

— Як на разбойніка! — роў ён. — Выйшлі вы з мячамі і каллём… узяць мяне… Дык наце… Наце… Наце…

Ён пачуў уздых і азірнуўся. Малады з непамерным здзіўленнем глядзеў на апераны канец стралы, што тырчэў у яго з грудзей.

…Калі сонца паказала ўсім свой маленькі чырвоны акрайчык, над абрывам стаяў ужо толькі адзін Юрась. Абадраны, чорны ад куродыму, з цяжкімі ад пылу валасамі, запырсканы крывёй, ён круціў над галавою меч, выскаляў зубы і быў такі страшны, што да яго ніхто не рызыкаваў падыходзіць.

— Здавайся! — крыкнуў Басяцкі. — Іначай арканы кідаць будзем.

Хрыстос брыдка вылаяўся.

— А ражна не хочаш, тхор? Тут камяніскі ўнізе. Пакуль далячу да ракі — разарве. Жывым не возьмеце. Не дамся. Я вам не святая Цэцылія, каб мяне бруднымі лапамі лапаць.

— Зірні, — сказаў лыцар Езуса.

Варожы ланцуг расступіўся. Варта трымала за рукі Анею і скручанага Раввуні з заторкнутым ротам. Нахабна ўсміхаючыся, падышоў да жанчыны волат Пархвер, чорны і смярдзючы ад поту, як і ўсе. Весела блішчэў сінімі вачыма. Узяў Анею за валасы: спалохана здрыгануліся веі, закаціліся чорныя ў сінь вочы.

|< Пред. 516 517 518 519 520 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]