Страница:
533 из 594
І тыя, што скочылі ў касцёлы, атрымалі яго, права паміраць з голаду і смагі. А тых, што схаваліся ў праваслаўных цэрквах, выдалі, і ўсіх чыста, разам з тымі, якія сядзелі ў сутарэннях, распялі паўздоўж дарог і павесілі за рэбры. Ад аднаго распяцця да другога. Драўляных блыталі з жывымі.
Гіаў Турай, калісьці амаль фанатык, вісеў павешаны за рабрыну, пляваў на імя Бога і, б'ючыся ў перадсмяротных пакутах, крычаў:
— Зямля мая! Няшчасная! Колькі вякоў! Колькі вякоў табе цярпець! Колькі вякоў можна цярпець!
Так ён крычаў, пакуль не памёр. Усе памерлі.
І здарылася так, як калісьці ў Рыме, у пантыфікат Бенядзікта Восьмага. Некалькі дзён землятрус калаціў Рым, і тады вырашылі, што ў гэтым вінаватыя рымскія яўрэі і нешматлікія мусульмане з праваслаўнымі. Іх усіх знішчылі, і летапісец запісаў:
«Пасля пакарання іх смерцю вецер сціхнуў і зямля не зазнавала больш жахлівых хістанняў, якія раней трэслі Святы горад».
Можа, і так. Гісторыкі не памыляюцца. А можа, зямля проста стамілася калаціцца. Нельга ўвесь час калаціцца. Колькі можна!
Ва ўсякім разе, пасля ўсяго, што адбылося, зямля Гародні таксама перастала дрыжэць і выдаваць падземныя штуршкі. Эшафоты дапамагалі і ў адным і ў другім выпадках. Горад быў уціхаміраны. Горад маўчаў. Прыйшла чарга Хрыста.
|< Пред. 531 532 533 534 535 След. >|