Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 532 из 594



…Агонь. Чалавек, які вісіць дзесяць гадзін. Крык.

— Судзіш? Якім правам?! Правам большасці, правам рады?! Рада твая складаецца з гэткіх самых прадажных, разбэшчаных людзей, як і ты сам… Тыран баязлівы, носіш імя раба рабоў і ўжываеш здраду, даносы, скарыстоўваеш золата і сталь, каб быць панам паноў… Як ты назавеш клір, які курыць фіміям тваёй магутнасці, апявае тваю ўладу? Як ты назавеш гэтых меднагаловых… гэтых адроддзяў пекла, у якіх сэрцы з металу, а чрэслы з гразі Садома і Гаморы? Гэтыя служкі створаны, каб поўзаць перад табою. Імя табе — Сатана.

Выкрыкваў… Выкрыкваў… Крыкі гэтыя ўначы стаялі ў вушах.

…Перад тым, як караць смерцю людзей — каралі званы. Замянілі іншым звон на дамініканскай званіцы, прыцягнулі яго на Стары рынак, дзе ляжаў ужо зрынуты гарадскі звон, і распаленымі шчыпцамі выдралі абодвум языкі, каб не крычалі аб трывозе. Не набат трэба біць, калі ў горад, хай сабе і пад покрывам цемры, уваходзіць законны гаспадар, святая вера.

Вялікую Зафею языка не пазбавілі, але хвасталі запэцканымі ў гной бізунамі. Людзі, гледзячы на гэта, сціскалі кулакі ад прыніжэння.

Маўчалі званы. Да словаў Рабле «горад без званоў… карова без балабона» варта было б дадаць: «Ваўкі вакол, і не прыйдзе гаспадар».

Людзі штохвілінна чакалі арышту. Насельніцтва горада паменшала напалову. Хто быў забіты, хто чакаў смерці ў сутарэннях, хто сядзеў у каменяломнях або ўцёк. Некаторыя шукалі права прытулку ў храмах.

|< Пред. 530 531 532 533 534 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]