Страница:
536 из 594
— Мартэла Хрыбтовіча? Ён што, аўдавеў?
— Чаму Мартэла? Радшы.
— А Мартэл?
— Выправіўся да продкаў.
— Як гэта так?
— А так, — усміхнуўся Басяцкі. — Паехаў піць да ворага «кубак прымірэння», а яму там і праламалі чэрап.
— Чым?
— Ды «кубкам прымірэння» і праламалі.
— Славянская дыпламатыя, — сказаў Юстын.
Братчык бачыў вочы і разумеў, што яна і прыйсці сюды згадзілася, толькі каб паглядзець на яго. Сэрца ягонае шчымела. Шмат бы ён аддаў, каб яна не пакутавала па ім.
Маўчанне трывала. Лотр паўтарыў пытанне.
— Не, — рэзка сказала яна. Адвязалася, каб на яго глядзець.
— Ці крэсліў знакі і пентаграмы, што адпалохваюць д'ябла, на дзвярах тых месцаў, што з'яўляюцца ўлюбёным яго прытулкам, як: дамы тых, хто мудрагеліць, дамы паэтаў, што не пішуць псалмаў і од, могілкі самагубцаў, мячэці, сінагогі, разбойнічыя прытоны, хаты анатамаў і філосафаў…
— Цэрквы і касцёлы, — уставіў Хрыстос.
Ён хацеў даць зразумець Магдаліне, што ён ведае, які лёс яго чакае, мужна глядзіць яму ў вочы і не шкадуе ні аб чым.
— Зневажае Бога! — загарлаў Жаба.
— Ведаю адно, — сказала яна. — Змучылі вы цела маё і душу. Сілком штурхнулі да яго. А я менш за ўсё хацела б шкодзіць яму. А за мінулае прашу ў яго даравання.
«Божа, яна яшчэ хоча ўмацаваць маю мужнасць! Дарагая мая! Добрая! Бедная!»
— Крэсліў ці не?
— Не.
— Зразумела, — сказаў езуіт. — Ён сам сказаў: «Цэрквы». Ён, значыцца, не крэсліў на іхніх дзвярах знакаў, што адводзяць сатану.
|< Пред. 534 535 536 537 538 След. >|