Страница:
537 из 594
Пішы: «Царквы Божай ад сатаны не бараніў, пранікненню сатаны ў яе не перашкаджаў».
— А нашто? — спытаў Хрыстос. — Ён, сатана, даўно ўжо там. І калі ўжо ставіць знакі на царкоўных дзвярах, дык ставіць іх знутры. Каб не вырваўся сатана вонкі.
— Адказвай, жанчына, што ведаеш яшчэ? — спытаў Лотр. — Ці не бачыла на плячы гэтага сатанінскага адроддзя след кіпця, а на лапатцы — следу ад агнявой дзіды, якой скідвала яго ў пекла нябеснае воінства?
— Не.
— Што можаш сказаць пра яго?
Жанчына выпрасталася і ўздыхнула:
— Што? Хацелі слухаць? Дык слухайце.
Яна глядзела на яго:
— Ніколі, ніколі ў жыцці я не бачыла лепшага чалавека. Таму вы і судзіце яго. А на ягоным месцы стаяць бы вам. Усім вам… Братчык, слухай мяне і даруй. Я выходжу замуж. За гэтую тваю сілу на паскудным гэтым судзе я яшчэ больш кахаю і люблю цябе. Але я выходжу замуж. За моцнага чалавека. За таго, які дазволіць мне рабіць усё. Таму і выходжу. Я не магу вызваліць цябе ад пакуты і смерці, не магу даць сваёй цеплыні, ды яна і непатрэбная табе. Даруй. Але затое я магу даць тваёй душы на небе асалоду справядлівасці помсты. Яны яшчэ не ведаюць, якога яны ворага прыдбалі сабе. Апошняга. Запеклага. Таго, які ні на хвіліну, нават у сне, не забывае пра помсту.
Маўчанне.
— Памры спакойна, сэрца маё, святло душы маёй, лепшы на зямлі чалавек. Не жыць табе ў гэтым паршывым свеце. Добрым — не жыць.
— Гэта не вечна. — Даўкі яблык стаяў у Хрыстовым горле. — Дзякуй табе.
|< Пред. 535 536 537 538 539 След. >|