Страница:
544 из 594
Нейкі цёмны чалавечак паваражыў з адмычкай каля ягоных запясцяў, і ланцугі срэбнай змяёю ўпалі на зямлю. Іллюк паматляў кісцямі рук у паветры і раптам шалёна, радасна залямантаваў:
— Распні яго!
Натоўп падхапіў:
— Забі яго! Забі! Заўтра ж! За-бі я-го!!! З мёртвых ніхто не ўваскрасаў!
Юстын загадаў пакінуць гульбішча.
…Наступныя два дні прайшлі ў дзікім рову горна, натужлівым рыпенні прэнга, ляску метала, які прымушае да болю сціскаць зубы, у скоках цемры і полымя і ва ўсім такім іншым, аб чым не дазваляе пісаць душа і на апісанне чаго не падымаецца рука.
На трэці дзень пасля заключнага катавання «жарабяткам» (новы, неапалітанскі спосаб) Братчыку ўправілі рукі, змазалі ўсё цела алеем і на насілках аднеслі ў радскую цямніцу, бо ісці сам ён не мог.
Усе гэтыя дні і наступныя, калі ён ачуньваў, Юстын, аб'явіўшы сябе хворым, сядзеў дома.
Шматдзённае страшнае катаванне скончылася нічым. Мужыцкі Хрыстос не падарыў ім аніводнага слова, аніводнага праклёну, аніводнага крыку або стогну. Гаварыць можна было на судзе. Тут трэба было маўчаць і даводзіць маўчаннем. І ён даводзіў. Аддаўшы ў іхнія рукі сваё зламанае, выкручанае цела, на якім яны выпрабоўвалі ўсю вытанчанасць свайго рымскага мастацтва, ён не аддаў ім ані грана сваёй душы і толькі, калі рабілася ўжо зусім нясцерпна, коратка смяяўся, гледзячы ім у вочы. Смех быў падобны да клекатання. І яны зразумелі, што нават «велляй» не даб'юцца ад яго нічога іншага.
|< Пред. 542 543 544 545 546 След. >|