Страница:
546 из 594
Іначай, не было б такім паскудствам жыццё тваё… Ну, перад кім я спавядацца буду? Чаго, з чыіх рук прычашчуся? Што, мала было людзей, якім вы ў аблатцы яд падавалі? Чаго ж Бог глядзеў? Зрабіў бы, каб у гэтым пачастунку яд знік. Га?
— Развязаў язык, — сказаў Жаба. — На прэнгу дык маўчаў.
— А мы з табой розныя людзі. Ты, для прыкладу, на прэнгу такія б прамовы ды крыкі закатваў, што д'яблаў бы ў пекле вараціла, а тут бы маўчаў, як ёлуп, бо ты ў разумнай бяседзе і двух словаў не звяжаш, асляк.
— Братчык… — Лотр відавочна чакаў адказу.
— Не марнуй ты, куме, каштоўных сілаў, — сказаў Хрыстос. — Прыдадуцца ў доме распусты. Ну, ты ж ведаеш мае думкі. І на цямніцах вашых пячаць сатаны, і прычасць ваша — прычасць сатаны, і дабрыня — дабрыня сатаны. І ўвогуле, чаго ж гэта Бог, калі ён ужо такі боскі, цямніцы дзеля добрых церпіць? А калі ён злы, то нашто ён?
Лотр развёў рукамі. Пасля ён і Жаба выйшлі, пакінуўшы Юстына ў цэлі.
— Непатрэбна мне суцяшэнне, — ужо іншым тонам сказаў Хрыстос. — І прычасць з брудных рук. Голы чалавек на зямлі без чалавека. І нашто яму багі?
Свяцільнік кідаў чырвонае святло на выснажаны твар Хрыста і шырокае, пасечанае шнарамі, Юстынава аблічча. Стаяў пачатак месяца верасоў, і праз краты павявала аднекуль з-за замка, з-за Нёмана, цеплынёй і мёдам.
— Ты ведаеш, што цябе спаляць? — глуха спытаў Юстын.
— Н-не, — голас на імгненне асекся. — Думаў, шыбеніца.
— Спаляць. Калі войт паўторыць на эшафоце словы аб вогнішчы. Калі нешта яму перашкодзіць — знойдуць іншы сродак.
|< Пред. 544 545 546 547 548 След. >|