Страница:
587 из 594
А ён любіў гэтага юнака больш, чым любіў бы сына.
— Бога няма, брат Альбін.
Упершыню за ўвесь час на румяных вуснах Бекеша не было ўсмешкі. Раней ён заўсёды, хаця ямкаю ў куточку рота, усміхаўся жыццю. Цяпер гэта быў суровы і справядлівы рот мужчыны.
— Каб не тыя людзі, гэтага чалавека распялі б. І Бог дазволіў бы апаганіць бязвіннай смерцю сімвал сваіх пакут.
Ён гаварыў, нібы прыслухоўваючыся да таго, як звінелі мячы.
— Гэты крыж сёння забіў ува мне веру. Я цяпер ведаю: толькі вайна з імі, а міру з імі не можа быць. І няхай заб'юць. Няхай адмовяць у адпяванні. Калі я, Кашпар Бекеш, памру, я і тады загадаю выбіць на сваім надмагільным камені: «Не хачу прызнаваць Бога, пекла не баюся… не непакоюся аб целе і не болей аб душы, яна памерла разам са мной».
Крыштофіч страшэнна баяўся яго і ўсё ж любаваўся ім. Рэзкае ў выліцах, цудоўнае чалавечае аблічча. Хлопчык нарадзіў сваю думку. Хлопчык не спалохаўся паўстаць, — сорам яму, Крыштофічу, кінуць яго на новым шляху. Што яму да Бога, калі побач ёсць вось гэты, самы дарагі яму чалавек? І ўсё ж Альбін сказаў:
— Кінь аб смерці. Ты будзеш жыць доўга. Будзеш вялікі вучоны. Будзеш слава Гародні, слава Беларусі, слава Літвы.
— «Не ведаю, які я вучоны быў, — так загадаю я запісаць на камені. — Але я быў багаборац. Бо цела не будзе і душы не будзе, але дабрыня, але справы, але сэрцы людзей не прэстануць быці. Адзін чалавек навучыў мяне гэтаму. Не быў ён Богам, але не было сярод усіх хлуслівых багоў падобнага яму».
|< Пред. 585 586 587 588 589 След. >|