Страница:
71 из 594
Нават калі і былі гэткія богабаязныя, то было іх так мала, што іхнія ўцёкі практычна не змянілі колькасці мышынага статка.
…Над Гародняй білі званы. Глуха бухаў дамініканскі касцёл, пагражаў бернардынскі, надрываліся званы Каложы і манастыра Барыса і Глеба, трывожна гудзелі святая Ганна і набрамная Зафея, стагналі званы францысканцаў.
І пагрозна раўлі — нібы адна адну праглынуць жадалі — барадатыя, праваслаўныя, і босыя, каталіцкія, пашчы дыяканаў.
— І ў тэрмін належны не пайшлі… Закон Божы пераступіўшы…
— І nunc, anima anceps…*
* Дык ідзі ж, грэшная душа…
— І за тое хай будзе ім Іудзіна ўдушэнне, Лазарава гніенне…
— De ventre inferi…*
* З глыбіні пекла…
— Гіезіева пракажэнне…
— Анафема!
— …валхва імгненная смерць…
— А-на-а-фе-ма-а!
— Анафема, маранафа!
— Анафема!…
— А-на-а-фе-ма-а-а!!!
Гуд званоў быў жахлівы. Рыканне бязмежных, як пячора, глотак яшчэ страшнейшае.
А між тым мала хто звяртаў увагу на анафемстваванне.
Напярэдадні, пасля вялікай бойкі на Старым рынку, людзі разышліся, але горад нібы застыў у чаканні нечага. Штосьці віравала пад вонкавым спакоем, мяшчане-рамеснікі шапталіся і глядзелі на варту з удаваным спакоем і патаемнай злараднасцю. Усю ноч з дома ў дом мільгалі нейкія цёмныя цені.
І ледзь толькі загулі званы, увесь горад (і ў адно імгненне) устаў. Відаць, дамовіліся загадзя, што пачнуць з пачаткам анафемы. У вокамгненне высыпалі з двароў узброеныя хто чым людзі, хапалі самотных вартаўнікоў, цяклі завулкамі, зліваліся.
|< Пред. 69 70 71 72 73 След. >|