Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 70 из 594

Што нам у гэтых бедных мястэчках? Хадзем адразу ў вялікі горад, у Гародню. І зусім без розных там вяшчальнікаў пераапранёмся за мурамі ды ў горад. І — тавар лепшым бокам.

— У Гародні людзей больш, — сказаў, мацаючы сінякі, Акіла.

— То што?

— Ты Хрыста ў Гародні сам іграй, — сказаў Юрасю Акіла. — Я цяжкі на бягу. Для мяне гэта работа дужа шкодная.



РАЗДЗЕЛ V АНАФЕМА

Я сказаў яму, што няма чаго запасіць, саліць, сушыць лаянку там, дзе яе і так досыць. Нашто гэтая справа, калі і так свет трымаецца толькі на ёй і лаюцца ўсе, ад папы і да таго, хто ходзіць з чарпаком. І чым больш лаюцца, тым больш лаянка — гарох у сценку… І потым, пры чым тут рыжы кот?

Фарс аб анафеме рыжаму кату

Гаршком назаві, ды ў печку не стаў.

Беларуская прымаўка

У той год Рым анафемстваваў Лютара і ўсіх, хто з ім, успамінаў праклёнам Арыя, Вальдэнса*, чарнакніжніка Агрыпу, Гуса і Героніма Пражскага і іншых ерэсіярхаў. У той год Масква ўспамінала анафемай Святаполка Акаяннага і ноўгарадскіх «жыдоўствуючых», якія адмаўлялі манастыры і царкоўнае землеўладанне і казалі, што Хрыстос і без біскупа ёсць Хрыстос, а біскуп без Хрыста — тфу, і нашто ён тады ўвогуле?

* Вальдэнсы — рэлегійная секта, якая ўзнікла на поўдні Францыі ў канцы ХІІ ст. Заснавальнік — П'ер Вальд, ліонскі купец (рэд.).

У той год Гародня анафемствавала мышэй.

Ніхто не кінуў горада: ні цяжарныя, ні легкаважная моладзь.

|< Пред. 68 69 70 71 72 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]