Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 76 из 594



— Да скла-адаў?! Што ж ты раней не казаў?! Доўбня ты неўтаропленая… Даўгапят ты! Стрыгольнік*, праваслаўем пракляты!

* Стрыгольніцтва — ерась, што был распаўсюджана ў Ноўгарадзе і Пскове ў ХІV-ХV стст. Стрыгольнікі паўставалі супраць права духавенства і манахаў на зямлю, супраць іхняй распусты. Адмаўлялі паборы за царкоўныя трэбы. Сцвярджалі, што адпраўляць культ можна і без папоў. Ерась была жорстка раздушана.

— Ужо і не ведаю я, чаго вы мяне так бэсціце? Дарэмна вы гэта.

— Шатны*! Адзяянні! Ах, каб ім другога прышэсця не дачакаць!

* Той, хто распараджаецца адзеннем.

Усё яшчэ гучала анафема і раўлі валасатыя і безвалосыя зяпы, а «другое прышэсце» падыходзіла да брамы места. Уваходзіла ў яе.

І наперадзе ішоў у прывязной барадзе і вусах адзіны хоць трохі самавіты чалавек з усёй гэтай кампаніі. Ішоў і нёс на плячах вялізны крыж. Ішло за ім яшчэ дванаццаць, усе ў радне, і на тварах іхніх было ўсё, што душа зажадае, толькі не святасць. Былі на гэтых тварах адбіткі галодных і халодных начэй пад дажджом і другіх начэй, ля карчомнага агню і ў хаўрусе з глякам віна. Было жыццё, якое сяк-так падтрымлівалася падманам… Ішоў, калі разабрацца, самы сапраўдны зброд: аматары выпіць, пад'есці, пераначаваць у чужой адрыне, калі гаспадара няма дома. Ішлі камедыянты, махляры, круцялі, лабатрасы, дагоднікі свайму чэраву, гарэзнікі, насмешнікі. На тварах іхніх былі посныя, добрапрыстойныя, набожныя міны — і гэта было недарэчна і смешна.

За імі грукатаў драны жалкі фургон, а перад імі ішоў чалавек.

З цярновым вянцом на лбе.

|< Пред. 74 75 76 77 78 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]