Страница:
78 из 594
У атачэнні асабістай варты стаялі ратманы і лаўнікі.
Чакалі. Але ведалі: без бойкі не абыдзецца. З варожай вуліцы ўвесь час ляцела грознае:
— Хлеб! Хлеб! Хлеб!
Кірык Вястун не хацеў так, дарэмна, лезці на ражон. Паслаў у абход сыраядцам шэсцьдзесят падмайстраў і маладых мяшчан пад рукою разьбяра Кляоніка і Маркі Турая. Тыя нешта марудзілі. Проста перад сабою каваль бачыў вусы, разверстыя раты, налітыя крывёю вочы, зброю. Мільгнулі недзе сярод варожага натоўпу твары хлебніка і «рыбнага кардынала».
— Хлеб! Хлеб! Хлеб!
Кірык ведаў: не адаб'юць хлеба, не прымусяць падзяліцца — людзі неўзабаве пачнуць пухнуць. Вось гэтыя, звычайныя людзі, сябры. Гэты чорна-сівы Гіаў Турай, і Ціхон Вус з залатымі вышэй кісці рукамі, і гэты дудар, чыя дуда зараз плача над імі, і гэты шэравокі мужык Зянон, і сотні іншых мяшчан і мужыкоў.
Нехта крануў яго за плячо.
— Ты чаго тут, Марка?
— Выбраліся мы Шывальнай вуліцай на Заходні абход, а там духавенства ідзе. Дарогу перарэзала. Страшэнная сіла. Безліч. Калі вакол замка бегчы — не паспелі б. Яны вось-вось тут будуць. Хрэсным ходам разбараняць ідуць.
— Што рабіць? — спытаў суровы Кляонік.
— Ісці на гэтых, — змрочна сказаў Кірык. — Прашчнікаў сюды.
Народ павольна пачаў выціскацца з вуліцы на Ростань, расцякацца ў шэрагі.
— Вус, — сказаў каваль, — бяры дзесятак хлопцаў ды запры выхад з Заходняга абходу. Не пускай гэтых папоў нас разбараняць.
— Не хопіць. Мала нас.
— Як напруць, то адступай сюды.
|< Пред. 76 77 78 79 80 След. >|