Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 79 из 594



— А як яны між намі і імі разбараняць палезуць?

— Бі па галовах, — гыркнуў Кірык.

— Папоў? З розуму з'ехаў, ці што?

— Папоў. Чаго ім у мірскія справы шчаміцца? Мы ў цэрквы не ломімся.

Шалёна зараўла над галовамі дуда. Засвісталі над галовамі, заляскалі — пакуль тое, па бруку, каб напалохаць — каменні.

— Хлеб! Хлеб! Хлеб!

Два натоўпы сутыкнуліся якраз на мяжы Ростані і Старой. Доўбні мільгалі рэдка, ды імі і нязручна было дзейнічаць у цеснаце. Спадзяваліся галоўным чынам на кулакі. Біліся з ярасцю, аж храбусцела.

— Хлеб! Куды хлеб падзелі, навалач?!

Натоўпы віравалі.

— Хлеб?! Гной вам есці! — крыкнуў хлебнік.

Каваль навярнуў яму. Марка і Кляонік урэзаліся ў рады багатых плячо да пляча.

І тут Вястун убачыў, як з трэцяй вуліцы пачала выплываць залітая золатам, іскрыстая маса. Над ёю клубамі віўся дым ладану.

Ішоў хрэсны ход. Плылі праваслаўныя харугвы і каталіцкія пратэсы. У кранальнай еднасці. Нібыта ніколі не было і нават не магло быць іначай.

— Ах ты, ратуй, Пане Божа, людзі твае! — вылаяўся Турай.

Людзі Ціхона Вуса, хаця і вельмі павольна, але адступалі перад духавенствам. Ім нельга было біцца, яны стрымлівалі хрэсны ход дрэўцамі дзідаў, але вага тых, што ішлі, была нязмерна большая.

Вястун ледзь не застагнаў. Два натоўпы біліся ўпарта: чулася лясканне камянёў аб латы, з храбусценнем ламаліся дрэўцы дзід, мільгалі кулакі. Лаянка, крык, праклёны стаялі над натоўпам.

|< Пред. 77 78 79 80 81 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]