Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
23 из 109
Сабака баязлiва прыцiскаецца да зямлi i нехаця пляцецца за гаспадаром. Цяпер ужо старому даводзiцца яго цягнуць. Але хутка сабака на ўсё забываецца i зноў валачэ свайго гаспадара, пакуль зноў на яго не пачынаюць сыпацца грымакi i праклёны. Пасля яны доўга стаяць пасярод ходнiкаў i моўчкi глядзяць адзiн на аднаго - сабака з жахам, стары з нянавiсцю. I так кожны дзень. Калi сабака хоча да слупа, стары не дае яму часу i цягне за сабой, а за спанiэлем па ўсiх ходнiках застаецца дарожка з мокрых плям. Калi ж раптам сабака наробiць у пакоi, на яго зноў сыплюцца грымакi. Усё гэта - ужо восем год. Селест кажа, што "абодва яны няшчасныя", але хто ж яго ведае, як яно ёсць сапраўды. Калi я сустрэў iх на лесвiцы, стары бэсцiў сабаку. "Свалата! - крычаў ён. - Падла!" - а сабака адно цiха скуголiў. Я сказаў: "Добры вечар", - але Саламано ўсё лаяўся. Тады я папытаўся, што яму сабака зрабiў. Стары зноў не адказаў i адно паўтараў сваё: "Свалата! Падла!" У прыцемку я ледзь разгледзеў яго. Стары схiлiўся над сабакам i нешта папраўляў на аброжку. Я паўтарыў пытанне гучней. Тады, не азiраючыся на мяне, ён адказаў, ледзь стрымлiваючы гнеў: "Калi ўжо ён здохне!" I пайшоў, цягнучы за сабой сабаку, якi скавытаў i ўпiраўся ўсiмi чатырма лапамi.
Якраз у гэту хвiлiну зайшоў другi мой сусед па лесвiчнай пляцоўцы. У квартале кажуць, што ён жыве за кошт жанчын. Аднак, калi ў яго пытаюцца пра прафесiю, ён называе сябе кладаўшчыком. Увогуле, яго не надта шануюць.
|< Пред. 21 22 23 24 25 След. >|