Чужаница (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 22 из 109



Я хутка паснедаў i выпiў кавы. Пасля пайшоў дадому i крыху задрамаў, бо за снеданнем, вiдаць, выпiў лiшку вiна. Калi я прачнуўся, мне захацелася запалiць. Але было позна, i каб не спазнiцца, прыйшлося бегчы на трамвай. Усю другую палову дня працаваў. У канторы было дужа горача, i таму ўвечары, калi я вяртаўся дадому, было прыемна паволi брысцi прыморскiмi вулачкамi. Неба было зялёнае, на душы ляжаў цiхi спакой. Але я нiкуды не заходзiў i пайшоў адразу дамоў, бо на вячэру хацеў згатаваць бульбы.

Падымаючыся па цёмнай лесвiцы, я натыкнуўся на свайго суседа, старога Саламано. Ён вёў гуляць свайго спанiэля. Вось ужо восем гадоў iх паўсюль бачаць разам. У сабакi нейкая скурная хвароба - шолудзi, па-мойму, цi што, поўсць амаль уся аблезла i цела пакрылася балячкамi i бурай каростай. Стары Саламано жыве з iм у адным маленькiм пакойчыку, i праз гэта ўрэшце сам зрабiўся да яго падобны. Акурат такая ж ружовая кароста на твары i валасы бляклыя i рэдкiя. А сабака пераняў звычкi гаспадара - ходзiць таксама згорблены, з выткнутаю наперад мызай i напятаю шыяй. Можна падумаць, што яны наогул адной пароды; але ўсё роўна - ненавiдзяць адзiн аднаго страшэнна. Два разы на дзень, у адзiнаццаць i ў шэсць гадзiн, стары выводзiць сабаку на шпацыр. I за ўсе восем год iх маршрут нiколi не мяняўся. Iх можна ўбачыць на Лiонскай вулiцы: сабака бяжыць наперадзе, цягнучы старога за сабой, i так напiнае павадок, што Саламано нарэшце пачынае спатыкацца. Тады ён б'е сабаку i бэсцiць яго на чым свет стаiць.

|< Пред. 20 21 22 23 24 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]