Чужаница (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 24 из 109

Але са мной ён гутарыць даволi часта i нават калi-нiкалi заходзiць пасядзець на хвiлiнку - бо я заўсёды гатовы яго паслухаць. Па-мойму, тое, што ён кажа, цiкава. Дый зрэшты, у мяне няма нiякiх прычын не размаўляць з iм. Яго завуць Раймон Сэнтэс. Ростам ён не высокi, але плячысты i мае баксёрскi нос. Апранаецца заўсёды прыстойна. Гаворачы пра Саламано, ён таксама сказаў мне: "Ну цi ж не няшчасны тып!" I запытаўся, цi не прыкра мне глядзець на ўсё гэта, але я адказаў, што не. Мы паднялiся па лесвiцы, i я ўжо хацеў развiтацца, калi ён сказаў:

- У мяне ёсць крывянка i трошкi вiна. Можа, раздзелiце вячэру са мной?..

Я падумаў, што тады мне не трэба будзе нiчога гатаваць, i згадзiўся. Кватэра ў яго таксама маленькая - адзiн пакой, як у Саламано, ды кухня без акна. Над ложкам - бела-ружовы гiпсавы анёл, фатаграфii нейкiх чэмпiёнаў i дзве цi тры голыя жанчыны. У пакоi было брудна, ложак не прыбраны. Раймон адразу запалiў газнiцу, потым выцягнуў з кiшэнi даволi падазронай чысцiнi бiнт i пачаў перавязваць правую руку. Я запытаўся, што гэта ў яго. Ён адказаў, што нядаўна пабiўся з адным тыпам, якi не дае яму праходу.

- Вы ж разумееце, пане Мёрсо, - сказаў ён, - я чалавек не зласлiвы, але часам магу пагарачыцца. А гэты кажа: "Выходзь, маўляў, з трамвая, калi ты мужчына". Я кажу: "Супакойся". А ён кажа: "Ты, маўляў, не мужчына". Ну, выйшаў я i кажу: "Адчапiся лепш, бо зараз дам". А ён пытаецца: "Што гэта ты мне дасi?" Ну, тады ўжо я не стрымаўся ды даў разок. Ён павалiўся. Я хацеў яго падняць. А ён ляжыць ды нагамi мяне брыкае. Ну, тады я каленам яму - раз! ды пару разоў кулаком сунуў. Тут у яго юшка i паплыла.

|< Пред. 22 23 24 25 26 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]