Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
66 из 109
Першыя месяцы было цяжка. Але намаганне, якое трэба было рабiць над сабой, якраз i дапамагала таму, каб час бег хутчэй. Напрыклад, мне пакутлiва хацелася жанчыны. Гэта натуральна, бо я быў малады. Я нiколi не думаў менавiта пра Мары. Я проста думаў пра жанчыну, наогул - пра жанчын, перабiраў у памяцi ўсiх, каго ведаў, усе тыя абставiны, у якiх кахаўся з iмi, i тады камера напаўнялася тварамi, i ў ёй рабiлася цесна ад маiх жаданняў. З аднаго боку, гэта парушала маю душэўную раўнавагу. Але з другога - дапамагала прабавiць час. Патроху мне ўдалося заваяваць спагаду старэйшага наглядчыка, якi разам з раздатчыкам з кухнi хадзiў па камерах, калi разносiлi ежу. Ён i пачаў са мною гаворку пра жанчын. Ён сказаў, што гэта сама першае, на што ўсе пачынаюць скардзiцца. Я адказаў, што я тут не выключэнне, але, па-мойму, такое становiшча - несправядлiвае.
- Але ж дзеля гэтага вас i садзяць у турму, - сказаў ён.
- Як гэта дзеля гэтага?
- Ну але ж! Бо вас пазбаўляюць свабоды, а свабода якраз у гэтым i ёсць.
Я нiколi не думаў пра гэта. I словы наглядчыка здалiся мне слушнымi.
- Ваша праўда, - сказаў я. - Iначай што б гэта было за пакаранне?
- Вядома! Вось вы разумееце. А iншыя - не. Праўда, яны ўрэшце самi сабе робяць палёгку.
Пасля гэтага наглядчык пайшоў.
Была яшчэ праблема - цыгарэты. Калi я трапiў у турму, у мяне забралi пас, матузкi з чаравiкаў, гальштук i ўсё, што ляжала ў кiшэнях, у прыватнасцi цыгарэты. Апынуўшыся ў адзiночцы, я папрасiў, каб мне iх аддалi.
|< Пред. 64 65 66 67 68 След. >|