Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
65 из 109
Мары рукою паслала мне пацалунак. Ад дзвярэй я яшчэ раз зiрнуў на яе. Яна стаяла нерухома, прыцiснуўшыся тварам да кратаў, i па-ранейшаму неяк напята, сутаргава ўсмiхалася.
Неўзабаве пасля гэтага яна мне напiсала. Тады i пачалося тое сапраўднае турэмнае жыццё, пра якое я нiколi не любiў гаварыць. Праўда, тут не трэба перабольшваць - жыць у турме мне ўдавалася лягчэй, чым iншым. Цяжка было хiба што першы час, бо трапiўшы ў турму, я захоўваў яшчэ думкi вольнага чалавека. Хацелася, напрыклад, на пляж, прагуляцца да мора. Я ўяўляў, як першыя хвалi пляскочуць каля маiх ног, як вада прымае маё цела, i мне адразу робiцца лёгка i вольна. I раптам зноў бачыў турэмныя муры, i мне здавалася, што яны яшчэ шчыльней абступаюць мяне. Але праз некалькi месяцаў гэта прайшло. I пасля ў мяне былi толькi арыштанцкiя думкi. Я чакаў, калi мяне павядуць на прагулку на двор або калi прыйдзе мой адвакат. Я няблага навучыўся прабаўляць i рэшту вольнага часу. Я часта думаў тады, што калi б мяне змусiлi жыць у камлi старадрэвiны i адзiным заняткам маiм было назiраць за барвамi неба над галавой, дык i тады б я патроху прызвычаiўся да гэтага. Я чакаў бы, калi прыляцяць птушкi або з'явяцца хмары, як чакаю цяпер дзiўных гальштукаў майго адваката, а раней, на волi, чакаў суботы, калi можна было абняць цела Мары. Аднак, калi добра разважыць, - я не ў камлi старадрэвiны. Былi i болей няшчасныя за мяне. Зрэшты, гэта не мае - гэта мамiны думкi. Гэта яна часта гаварыла, што ўрэшце чалавек да ўсяго прызвычайваецца. А я ў сваiх думках рэдка заходзiў гэтак далёка.
|< Пред. 63 64 65 66 67 След. >|