Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
89 из 109
Але - ён не баiцца гэтага сказаць - жах перад гэтым забойствам амаль не саступае таму, якi ён адчувае перад маёю нячуласцю. На яго думку, чалавек, якi маральна забiў сваю мацi, настолькi ж чужы грамадству, як той, што ўзнiмае руку на свайго бацьку. Ва ўсякiм выпадку, першы прадвызначыў учынкi другога, ён быў, у пэўным сэнсе, яго папярэднiкам i ўзаконiў яго злачынства.
- Я ўпэўнены, панове, - дадаў ён, павысiўшы голас, - вы не палiчыце маю думку занадта смелай, калi я скажу, што гэты чалавек, якi сядзiць перад намi, вiнаваты i ў тым забойстве, якое мы будзем судзiць заўтра. I таму ён мусiць быць пакараны.
Тут пракурор выцер твар, якi ўжо ўвесь блiшчаў ад поту. I нарэшце прамовiў: якi б нi быў цяжкi яго абавязак, ён выканае яго цвёрда i без ваганняў. Ён заявiў, што мне не месца ў грамадстве, спрадвечныя маральныя нормы якога я iгнарую, i я не маю права чакаць лiтасцi ад людзей, бо мне не вядомы сама элементарныя людскiя пачуццi.
- Я патрабую ў вас галавы гэтага чалавека, - заявiў ён, - i раблю гэта з лёгкiм сэрцам. Бо нават калi мне за ўвесь той доўгi час, што я служыў правасуддзю, i даводзiлася патрабаваць смяротнай кары, дык яшчэ нiколi я не адчуваў так, як сёння, што гэты мой цяжкi абавязак абумоўлены, падмацаваны i асвечаны непазбежнаю i ўладнай неабходнасцю i тым жахам, якi выклiкае ў мяне звярыны выскал твару ў гэтага чалавека.
Калi пракурор сеў, у зале яшчэ доўга стаяла цiшыня. Мае думкi зблыталiся ад спёкi i здзiўлення. Нарэшце старшыня крыху адкашляўся i цiха спытаўся, цi ёсць у мяне нешта сказаць.
|< Пред. 87 88 89 90 91 След. >|