Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
87 из 109
- Вось, панове, - сказаў пракурор, - я прасачыў перад вамi хаду падзей, якiя прывялi гэтага чалавека да забойства - забойства наўмыснага i свядомага. I я настойваю на гэтым. Бо перад намi не звычайнае злачынства, не проста безразважны ўчынак, якому можна было б знайсцi нейкiя апраўданнi. Гэты чалавек, панове, - разумны. Вы чулi, як ён гаворыць, праўда? Ён умее адказваць. Ён ведае цану слову. I пра яго нельга сказаць, каб ён дзейнiчаў, не разумеючы, што ён робiць.
Я слухаў i, вядома, чуў, што мяне лiчаць разумным. Але нiяк не мог зразумець, чаму звычайныя якасцi звычайнага чалавека раптам абарочваюцца неабвержным доказам вiны падсуднага. Гэта ўразiла мяне настолькi што я нават перастаў слухаць пракурора i зноў пачуў яго словы толькi тады, калi ён сказаў:
- Але цi раскайваўся ён ва ўчыненым? Не, панове, нiколi! Нiводнага разу за ўвесь той час, пакуль iшло следства, гэтага чалавека не ўсхвалявала думка, што ён зрабiў жахлiвае злачынства.
Ён павярнуўся да мяне i, тыкаючы ў мой бок пальцам, зноў пачаў мяне прабiраць, хоць я, па праўдзе кажучы, не надта разумеў за што. Бадай, толькi ў адным ён меў рацыю. Я сапраўды не вельмi раскайваўся ў сваiм учынку. Але чаму гэта яго так раз'юшыла, мне было дзiўна. Мне б шчыра хацелася паспрабаваць растлумачыць яму, амаль па-сяброўску, што я наогул нiколi нi ў чым не раскайваўся па-сапраўднаму. Мяне заўжды захапляла толькi тое, што яшчэ мусiла здарыцца - сёння цi заўтра. Але, вядома, у тым становiшчы, у якое мяне паставiлi, я не мог дазволiць сабе размаўляць з кiм-небудзь падобным тонам.
|< Пред. 85 86 87 88 89 След. >|