Паляыничы (на белорусском языке)   ::   Олдридж Джеймс

Страница: 182 из 256

Вядома, гэта мог быць i Мэрэй, i падчас вячэры ў хацiне ён спытаў:

- Ты быў сёння на ўсходнiх участках?

Мэрэй пакруцiў галавой.

- Я быў на поўначы, на азёрах, шукаў сляды норкi. Iх там шмат. А што?

Рой расказаў яму пра дым.

- Ты, вiдаць, маеш рацыю, Рой, - прамармытаў Мэрэй, напхаўшы ў рот сакавiтага мяса. - Нехта вядзе паляванне ў заказнiку, i даволi бяспечна.

- Як i мы! - умяшаўся Зел i зiрнуў на Роя, на яго закапаную крывёю аленя куртку.

Але Рой не адказаў на выклiк, яго перасталi цiкавiць спрэчкi з Зелам, Мэрэем i з самiм сабой. Ён толькi фыркнуў, плюнуў i працягваў есцi, пытаючыся ў самога сябе, цi прычэпiцца да яго Зел за нявыбраныя пасткi, i панура разважаючы, як ён яго спынiць. Але Зел не згадаў пра гэта, ён пачаў пра недахоп правiянту.

- Закончылася бульба, - аб'явiў iм Зел, - i масла таксама. Засталося ўсяго некалькi бляшанак кансерваў на зваротны шлях, ды яшчэ слоiкi з ягадамi, слоiк марынаду i крыху хлеба ды сухароў.

Слоiк з ягадамi - падарунак мiсiс Бэртан, а марынад быў ад Джынi. Рою захацелася пакаштаваць, цi смачны ён, цi ўдалося Джынi згатаваць нешта не падобнае на яе звыклае прэснае варыва? З абыякавай паблажлiвасцю ён мог зараз захапляцца той прымусовай дамавiтасцю, якую яна напускала на сябе дзеля яго. Не першы раз за гэтыя дванаццаць гадоў ён так востра адчуў, што значыць для яго Джынi, як цесна звязаны iх жыццi, як гэта было правiльна i як правiльна гэта было б i ў будучым.

|< Пред. 180 181 182 183 184 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]