Паляыничы (на белорусском языке)   ::   Олдридж Джеймс

Страница: 78 из 256

Рой падняў двух злоўленых пацукоў i накiраваўся да хацiны так шпарка, быццам выбiраўся ў вялiкi пераход. Скоцi зусiм знясiлена шкандыбаў за Роем.

- Ты толькi панюхай, Скоцi, - сказаў Рой, калi яны ўвайшлi ў хацiну.

Калi Рой убачыў распалены агонь i варыва, ён зусiм растаў.

- А што ў цябе на патэльнi? - спытаў ён у Мэрэя.

- Ды вось падстрэлiў аленяня ля Нябеснага возера, - адказаў Мэрэй, адразаючы яшчэ два кавалкi ад неразабранай тушы аленя, якая ляжала побач. Ён кiнуў мяса на вялiкую патэльню i заняўся кухарствам, а Рой i Скоцi прыселi на адзiн з ложкаў, каб разабраць мяхi.

- Як маецца твой сябар iнспектар? - спытаў Мэрэй.

- Збiраецца зiмой адведаць нас, - сказаў Рой.

- Ты, вядома, запрасiў яго? - прабубнiў Самсон.

- Вядома! - адказаў Рой, маючы асалоду ад таго, што ён адзiны чалавек, якi можа кiнуць выклiк iнспектару, за што яго i дражнiлi, быццам яны з iнспектарам сябры закадычныя.

- А ў нас i пастка для iнспектара падрыхтавана, - сказаў Самсон.

Пайшла гаворка пра iнспектара, якая станавiлася тым больш ажыўленай, чым большымi былi пагрозы. Больш за ўсiх адпускаў пагроз Самсон, найбольш спакойным быў Скоцi, якi заявiў, што iнспектар, уласна, выконвае свае абавязкi.

- Эх, iнспектар, iнспектар! - толькi i прамовiў Мэрэй.

Рой, здымаючы боты i шкарпэткi i раскладваючы iх на падлозе ля печы, слухаў i падахвочваў iншых. Седзячы на ложку i хiстаючы тоўстымi босымi нагамi, якiя не даставалi да падлогi, ён паволi прывыкаў да сяброўскiх абдымкаў сваёй хацiны.

- Падкiнь дроў, Сахаты, - сказаў ён у такт сваiм развагам.

|< Пред. 76 77 78 79 80 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]