Канстытуцыя Рэспублики Беларусь ад 15 сакавика 1994 года (на белорусском языке)   ::   Автор неизвестен

Страница: 28 из 39

Прэм'ер-мiнiстр, яго намеснiкi, мiнiстры замежных спраў, фiнансаў, абароны, унутраных спраў, Старшыня Камiтэта дзяржаўнай бяспекi назначаюцца i вызваляюцца ад пасады Прэзiдэнтам са згоды Вярхоўнага Савета.

Прэм'ер-мiнiстр ажыццяўляе непасрэднае кiраўнiцтва дзейнасцю Кабiнета Мiнiстраў, падпiсвае акты Кабiнета Мiнiстраў, якiя маюць абавязковую сiлу на ўсёй тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, выконвае iншыя ўскладзеныя на яго функцыi.

Вярхоўны Савет мае права заслухаць справаздачу любога члена Кабiнета Мiнiстраў па пытаннях выканання законаў. У выпадку парушэння членам Кабiнета Мiнiстраў Канстытуцыi i законаў Вярхоўны Савет мае права паставiць перад Прэзiдэнтам пытанне аб датэрмiновым вызваленнi яго ад пасады.

Артыкул 108. Кампетэнцыя Кабiнета Мiнiстраў, парадак яго дзейнасцi вызначаюцца на аснове Канстытуцыi Законам аб Кабiнеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

ГЛАВА 5.

СУД

Артыкул 109. Судовая ўлада ў Рэспублiцы Беларусь належыць судам.

Судаўладкаванне ў Рэспублiцы Беларусь вызначаецца законам.

Утварэнне надзвычайных судоў забараняецца.

Артыкул 110. Суддзi пры ажыццяўленнi правасуддзя незалежныя i падпарадкоўваюцца толькi закону.

Якое-небудзь умяшанне ў дзейнасць суддзяў па выкананню правасуддзя недапушчальнае i цягне адказнасць па закону.

Артыкул 111. Суддзi не могуць ажыццяўляць прадпрымальнiцкую дзейнасць, выконваць iншую аплатную работу, акрамя выкладчыцкай i навукова-даследчай, не звязанай з займаннем штатных пасад.

|< Пред. 26 27 28 29 30 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]