Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 100 из 453

Калі гэта так, то чаму не вырашыць задачу, якая здавалася нязмерна цяжкай мазгам звычайнага сярэдневяковага чалавека («наш, просты сярэдневяковы чалавек») і якую зараз можа вырашыць нават вучань дзевятага класа, калі ў яго, вядома, на плячах галава, а не кавун.

Я пішу ўздоўж прадмета. Палоса можа навівацца на гэты прадмет пад любым вуглом. Вугал між карацейшай адлегласцю па нармалі (шырыня палосы), аднесеныя да даўжыні радка ёсць косінус вугла намоткі.

…Змераў даўжыню радка пад вуглом. Яна — 58 міліметраў. А шырыня самой палосы — 49 міліметраў.

49/58 = 0,82

Ну вось, гэта пайшло ўжо крыху цікавей. Дзе гэта мая лагарыфмічная лінейка? Я ж не карыстаўся ёю з часоў раскопу ў Гарадзішчы і звязанай з гэтым гісторыі. Чорт пабірай, гэта мог дадумацца толькі бацька: падсунуў яе пад насценны прайгравальнік, каб не драпаў фарбы.

Ну, 0,82 бяром у квадрат. Атрымоўваецца, што матлялі пад вуглом у 20°. На жаль, прадмет, здаецца, і сапраўды быў складанай канфігурацыі. Мяркуючы па змятасцях, крыху таўсцейшы на абодвух канцах і ўсярэдзіне. Але гэта нічога. Дзе вугал іншы — адпаведна і разлічым. Дый, нягледзячы на патаўшчэнні, шаг (вугал намоткі) будзе адзін, павінен быць адзін. Проста ў такіх месцах пергамент будзе заламвацца, заходзіць пад наступны віток або напаўзаць на яго, і, значыцца, вугал амаль не зменіцца, а проста застануцца на стужцы белыя, незапоўненыя літарамі месцы. Што мы й бачым у нашым выпадку.

Цяпер іншае. Цяпер больш складанае. Як вылічыць дыяметр рэчы, на якую трэба матаць усё гэта? Трэба знайсці хаця б адзін радок, які супадае.

|< Пред. 98 99 100 101 102 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]