Страница:
98 из 453
Ясна, што гэтыя радкі павінны быць побач, бо хутчэй за ўсё тут пералічваецца нешта. Але паміж словамі капь зта і капь срла не дзесяць, а адзінаццаць радкоў. Не, гэта зноў не тое. Ты зноў ледзь не ўдарыўся па лёгкай дарозе. Зноў. І таму зноў пакарай сябе цяжкай працай, чалавеча.
Думай, хлопец! Як бы ні здавалася, што сэнс лёгкі, — думай. Думай! Варушы мазгамі. Чаму палоса змятая? Чаму наўскос? Чаму плямы клею, белыя кавалкі, чаму не змяты менавіта той канец, на якім тыя, адзіныя на ўвесь другі бок, літары?…
У кніжным шыфры ёсць словы: «…складзі змяёю, лесвіцаю, дымам… Складзі спачатку ўсё цэлае вакол медзі».
І тут мяне як стукнула. Я ўспомніў адзін сярэднявечны беларускі спосаб дасылання таемных лістоў. Два военачальнікі, дыпламаты або змоўшчыкі загадзя рабілі сабе два прадметы аднолькавай формы. Кожны меў пры сабе адзін з іх. Калі трэба было даслаць данясенне, адзін з іх наматваў на свой прадмет палосу паперы, даўжыня і шырыня якой былі загадзя абумоўленыя. Пасля тэкст пісалі ўздоўж гэтага прадмета. Потым палосу разматвалі. На раскручанай стужцы нічога нельга было зразумець, бо словы, часткі слоў, нават літары былі цяпер у самых розных яе канцах. Той, хто атрымоўваў данясенне, накручваў яго на свой прадмет пад загадзя агавораным вуглом… і чытаў… Ганец не ведаў зместу. Выпадкова трапіўшы ў рукі ворага, ён нічога не мог выдаць. Усе, нават злосныя непрыяцелі, ведалі гэта, і рабілася такое не з недаверу да ганца, а проста каб чалавека не мучылі дарэмна.
Пакуль што ўсё сыходзілася. І змятасць. І рады, пісаныя «наўскос».
|< Пред. 96 97 98 99 100 След. >|